«Вельмі падобны досвед». Валанцёр, які дапамагаў жыхарам Данбасу, арганізаваў падтрымку беларусам


Тым, хто пацярпеў у выніку рэпрэсіяў у Беларусі: параненым, аштрафаваным і тым, хто засталіся без працы, дапамогу аказваюць арганізатары ініцыятывы Фонд салідарнасці і кампаніі BY_Help. Belsat.eu пагаварыў з адным з іх стваральнікаў, а таксама чальцом Каардынацыйнай рады апазіцыі Беларусі Андрэем Стрыжаком.

З пачаткам пратэстаў у Беларусі вы стварылі Фонд салідарнасці – дапамагаеце рэпрэсаваным беларусам. Раскажыце якім менавіта чынам гэтую дапамогу аказваеце, што канкрэтна робіць Фонд?

На дадзены момант існуе ўжо тры фонду. Першы фонд BY_Help існуе з 2017 года і рэінкарнуецца ў залежнасці ад патрэбаў. Ён першапачаткова ствараўся і так і працуе ў дачыненні да тых людзей, якія былі арыштаваныя, аштрафаваныя. На жаль, ноу-хау гэтай выбарчай кампаніі – гэта збітыя і параненыя сілавікамі. Усе гэтыя тры катэгорыі людзей атрымліваюць дапамогу ад Фонду BY_Help. Фонд на дадзены момант сабраў больш за $3 млн, і там ідуць актыўна выплаты, заяўкі. Там ужо больш за 3,5 тысячы заявак сабрана, яны праходзяць верыфікацыю і паступова мы іх аплачваем.

Другі фонд – гэта BYSOL. Ён быў створаны пасля таго як здарыліся падзеі 9-11 жніўня, і ён быў з вельмі выразнай фармулёўкай – для дапамогі тым, хто звольнены ў сувязі з палітычнымі поглядамі, альбо плануе пакінуць сваю службу або працу. У асноўным гэта датычыцца дзяржслужачых і сілавікоў па тых жа самых прычынах. Таксама фонд дапамагае людзям, якія страйкуюць.

А трэці фонд, які літаральна на днях з’явіўся, я ў ім выступаю ў якасці папячыцеля, называецца MediaSOL. Ён накіраваны на дапамогу і падтрымку журналістаў, якія цяпер таксама апынуліся рэпрэсаванай катэгорыяй. Раней гэтага не было, раней былі сітуацыі, што журналістаў звычайна адпускалі, ім ніхто штрафы не даваў, іх ніхто не пераследаваў. Цяпер мы бачым сітуацыю, якая кардынальна змянілася. Мы бачым гэтую сітуацыю па журналістам, якіх затрымлівалі і арыштоўвалі як звычайных маніфестантаў, хоць у іх імунітэт міжнародны як у прэсы. Таму было прынятае рашэнне, што гэтая катэгорыя таксама павінна быць падтрыманая. І зараз ідзе асобны збор на іх.

Андрэй Стрыжак у Кіеве.
Фота: асабісты архіў героя

Каму вы ўжо дапамаглі і якім менавіта чынам? Вы збіраеце грошы, куды потым яны ідуць?

Так, выплата штрафаў гэта BY_Help, ён пачаў працу яшчэ ў 2017 годзе, і ён рэінкарнаваўся ў гэтай кампаніі 26 чэрвеня, там як раз выплаты штрафаў, выплаты кошту сутак, якія выстаўляюць людзям. У нас жа, калі ты сядзіш у ізалятары, то ты павінен заплаціць за гэта грошы. Сума за харчаванне там каля 5 еўра ў дзень складае, і кожны чалавек, які сядзіць на сутках, ён выходзіць і яму рахунак прад’яўляюць.

На дадзены момант адна з сурʼёзных задач перад намі – гэта верыфікацыя, праверка таго, што да нас прыходзіць ва ўсе фонды. Таму што адзіная праблема ва ўсіх фондах такая, што… гэта не таму што людзі чагосьці дрэннага хочуць, а таму што людзі спрабуюць стукацца ва ўсе дзверы, дзе толькі можна атрымаць дапамогу і атрымліваецца такое скрыжаванне заявак. Часам бывае, што мы выяўляем, што чалавек адначасова падаў заяўку ў адзін фонд, у другі і ў трэці. І, каб не было гэтых падвойных і патройных выплат, як раз такі праводзіцца гэтая складаная верыфікацыя.

Размова
Пацярпелы з Акрэсціна: Гэта нагадвала фільмы пра вайну
2020.09.10 22:20

Калі казаць пра лічбы, то фонд BY_Help на дадзены момант выплаціў ужо больш чым на палову мільёну беларускіх рублёў штрафаў, сутачных, кампенсацыяў параненым і збітым. Ёсць спецыяльная сістэма крытэрыяў, па якіх ацэньваецца ступень цяжкасці атрыманых траўмаў. Гэтыя крытэрыі распрацоўваліся сумесна з судовымі экспертамі.

Яшчэ раз падкрэсліваю, што адзін з самых галоўных выклікаў, улічваючы, што беларуская ўлада актыўна процідзейнічае ўвядзенню грошай у Беларусь, нам даводзіцца ўвесь час мяняць спосабы ўводу гэтай кампенсацыі, прыдумляць новыя шляхі. Пакуль мы выйграем.

Колькім людзям дапамаглі з пачаткам пратэстаў? Як часта людзі звяртаюцца?

BY_Help – каля 3,5 тысячы заявак цяпер, а дапамога аказаная недзе тром сотням чалавек. Дзесьці 80 тысяч еўра – гэта агульная сума, якая выдзеленая на дапамогу людзям, якія звольненыя, альбо хочуць звольніцца. Усяго больш за 400 людзям дапамога аказаная.

Як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі далей, на ваш погляд, як вы думаеце?

Пытанне адстаўкі Лукашэнкі – гэта пытанне часу, гэта ўжо вырашаная сітуацыя. Ён не задавальняе ні знешніх гульцоў, ні ўнутраных. Гэтая персона – ужо гісторыя, фактычна вырашана яго пытанне. Адзінае што – людзям трэба працягваць тое, што яны робяць, і гэта прывядзе да перамогі. Далейшае развіццё сітуацыі мне бачыцца больш складаным, таму што мы толькі ўступаем у фазу самага сур’ёзнага палітычнага крызісу нашай краіны. Таму што прыбраць Лукашэнку – гэта не зверхмэта, гэта задача, то бок ён сыдзе, але што будзе далей? За гэты месяц мы спалілі паўтара мільярда [долараў. – Belsat.eu] золатавалютных рэзерваў, засталося яшчэ восем. Дзе браць грошы – незразумела. Эканоміка прасела вельмі моцна з-за COVID-19, з-за таго, што мы страцілі рэпутацыю сваю, асабліва ў сферы IT-бізнесу. Беларусь больш не ўспрымаецца як суперстабільная, спакойная краіна, і, вы разумееце, што гэта страта кантрактных абавязацельстваў і гэта страта вельмі вялікіх сумаў грошай. Гэта значыць бюджэт у гэтым годзе атрымаў варʼятскі ўдар проста. Адзіным фактарам, які дэстабілізуе, у краіне зʼяўляюцца дзеянні ўлады. Таму што маніфестанты праводзяць свае выступы мірна. І спробы ўладаў цяпер знайсці галовы гэтых пратэстаў абсалютна бессэнсоўныя і абсалютна ні да чаго не прывядуць, таму што большасць беларусаў галаву пратэстаў бачаць у люстэрку штодня, таму што яны самі зʼяўляюцца ініцыятарамі. Можна колькі заўгодна арыштоўваць чальцоў Каардынацыйнай рады, гэта ні да чаго не прывядзе.

Размова
Эксперт: У Беларусі – класічная рэвалюцыя, у адрозненне ад Украіны ды Расеі
2020.09.09 22:20

З Гомля вы з’язджалі ў Кіеў. Цяпер зʼехалі…

Я зараз у Вільні. Наш фонд салідарнасці перамясціўся ў Вільню, таму што тут Святлана Ціханоўская, тут абраны народам прэзідэнт.

З пачаткам вайны на ўсходзе Украіны, вы, яшчэ знаходзячыся ў Гомлі, сталі валанцёрам – прывозілі ў зону баявых дзеянняў медыкаменты, гуманітарную дапамогу. Ці можаце параўнаць свой вопыт валанцёрства ў зоне тады яшчэ АТА і зараз, дапамагаючы беларусам?

Вельмі падобны вопыт. На самай справе, мае ўсе валанцёрскія навыкі былі напрацаваныя яшчэ на Майдане, калі я працаваў на гарачай лініі «Еўрамайдан SOS». І тая салідарнасць, якую цяпер праяўляюць беларусы з маніфестантамі і маніфестанты адзін з адным, яна вельмі падобная на тое, што было на Данбасе. Тыя ж самыя механізмы працуюць: салідарнасць, адзінства, чалавечнасць, чалавекаарыентаваны падыход, калі кожнае жыццё, кожны чалавек вельмі важныя, даюць мне выразную ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца, таму што немагчыма людзей назад загнаць у стойла, якое працівіцца гэтаму ўсяму, людзі зрабілі занадта вялікія стаўкі.

Размаўляла Марына Ступак/ІР Belsat.eu

Стужка навінаў