За другі квартал 2020 года сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» скараціліся на Br 1 млрд, або на 30,6 %, сведчыць фінансавая справаздачнасць банку паводле нацыянальных стандартаў.
На 1 ліпеня сродкі кліентаў у банку складалі Br 2,28 млрд супраць Br 3,29 мдрд на 1 красавіка.
Прыбытак банку на 1 ліпеня склаў Br 18,9 млн рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года на 36,8 %.
На 1 ліпеня ў «Белгазпрамбанку» паўсталі абавязкі перад Нацыянальным банкам на Br 215 млн, якіх у мінулым квартале не было.
На думку аналітыка даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі, новыя абавязкі банку перад рэгулятарам могуць сведчыць пра адсутнасць нармальнай камунікацыі з акцыянерамі «Белгазпрамбанку» – расейскімі кампаніямі «Газпром» і «Газпромбанк».
Эксперт мяркуе, што гэтыя Br 215 млн могуць адлюстроўваць падтрыманне Нацбанкам рублёвай ліквіднасці «Белгазпрамбанку» ва ўмовах адтоку сродкаў кліентаў банку.
«Відавочна, адсутнічае эфектыўная камунікацыя паміж часовай адміністрацыяй, уведзенай Нацбанкам, і акцыянерамі, бо гэтую ліквіднасць без праблем маглі пакрыць акцыянера за кошт свайго капіталу», – адзначыў Аляксандр Муха.
Ён нагадаў, што крэдытны рэйтынг «Газпрому», паводле міжнароднага рэйтынгавага агенцтва «Fitch Ratings», складае BBB, а «Газпромбанку» – BBB, – што на 6 і 5 ступеняў адпаведна вышэй за суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі.
«Калі б у міжнародных рэйтынгавых агенцтваў адсутнічала столь крэдытнага рэйтынгу пра тое, што ў рэзідэнтаў краіны не можа быць рэйтынг вышэй, чым у дзяржавы, то з вялікай доляй верагоднасці можна было б казаць, што рэйтынг «Белгазпрамбанку» з улікам акцыянераў быў бы вышэйшым за рэйтынг Беларусі», – падкрэсліў аналітык.
Гэта ўсё, паводле яго, ставіць пытанне пра абгрунтаванасць увядзення часовай адміністрацыі ў банку «з такімі саліднымі акцыянерамі».
«Увядзенне часовай адміністрацыі выглядае палітычна матываваным, але з эканамічнай кропкі гледжання яно выглядае неабгрунтаваным і нерацыянальным», – дадаў Аляксандр Муха.
На яго думку, пакуль не даводзіцца казаць пра распачацце справы пра банкруцтва «Белгазпрамбанку».
Эксперт не выключае, што пасля выбараў сітуацыя з «Белгазпрамбанкам» можа змяніцца і банк пакіне часовая адміністрацыя.
«Іншае пытанне – наколькі абновіцца склад кіраўніцтва банку. І ці пойдуць у гэтай частцы на саступкі прадстаўнікі акцыянераў. Ці захочуць яны бачыць новых чальцоў управы ад Нацыянальнага банку», – сказаў ён.
Таксама будзе шмат залежыць ад таго, як пройдуць выбары, хто будзе абраны прэзідэнтам і як будзе развівацца сітуацыя ў краіне пасля 9 жніўня, заявіў аналітык. Паводле яго, у інтарэсах Беларусі і банкаўскай супольнасці ўрэгуляваць пытанне «Белгазпрамбанку» ў канструктыўным ключы. Далейшая эскалацыя канфлікту можа мець негатыўныя наступствы і для іміджу банкаўскага сектару і краіны, што можа адбіцца на інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі.
«Тут вельмі важна не нашкодзіць самым сабе – вярнуцца ў канструктыўнае рэчышча, каб «Белгазпрамбанк» працягнуў сваю дзейнасць на банкаўскім рынку краіны ў штатным рэжыме», – падкрэсліў Аляксандр Муха.
Ён адзначыў, што ўжо за апошнія тыдні зараз вырасла даходнасць па некаторых суверэнных еўрааблігацыях Беларусі, а значыць, павялічыліся і выплаты па вонкавых запазычаннях, якія павінен выплаціць урад, што з’яўляецца цяжарам як для дзяржаўнага бюджэту, гэтак і для рэйтынгаў Беларусі. На думку эксперта, такі рост можа быць звязаны з пэўным падзеннем каціровак беларускіх аблігацыяў на фоне канфлікту вакол «Белгазпрамбанку».
«Спадзяюся, што беларускі бок усведамляе ўсе рызыкі і негатыўныя наступствы, звязаныя з далейшай эскалацыяй канфлікту. І я магу толькі выказаць надзею, што ў бліжэйшыя месяцы канфлікт будзе ўрэгуляваны», – адзначыў аналітык.
МГ belsat.eu