Важна, каб беларусы самі маглі вырашаць свой лёс

Ніхто не ведае, што адбудзецца ў Беларусі 9 жніўня і пазней. Можна меркаваць, што выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка не мае шанцаў перамагчы, будуць (як гэта здаралася раней) сфальсіфікаваныя, а акцыі пратэсту разгоняць гвалтоўна. Аднак гэтым разам сіла пратэстаў нашмат мацнейшая, а пратэсты больш усёабдымныя і масавыя. Прэзідэнт Беларусі ўсё мацней баіцца, што зямля сыходзіць у яго з-пад ног.

Стах Лукашэнкі і заклапочанасць суседзяў

Суседзі таксама сур’ёзна заклапочаныя. Цяжка ўявіць сабе, што Крэмль хоча выпусціць з рук краіну, якую Масква лічыць важнай сферай уплыву. На працягу многіх гадоў Расея падтрымлівала неэфектыўную і ўсё слабейшую эканоміку Беларусі фінансавай кропельніцай і рынкамі збыту, а Лукашэнка, у сваю чаргу, перадаваў чарговыя элементы пад расейскі кантроль.

Зварот дзейнага кіраўніка краіны да народу і Нацыянальнага сходу – 2020. Кадр тэлетрансляцыі АНТ

Cвавольны «брат» для Масквы

Аднак ужо пэўны час Пуцін усё больш настойліва патрабуе, каб аплаціць гэтую «ветлівасць» чарговай часткай суверэнітэту Беларусі. У гэтым выпадку Лукашэнка, які абараняе сваю прэзідэнцкую, а не губернатарскую пазіцыю, стаў для Масквы даволі свавольным «братам». Ён адбіваецца і гандлюецца, каб атрымаць чарговыя субсідыі. Ходзяць чуткі, што Крэмль зацікаўлены ў абвастрэнні выбарчай сітуацыі ў Беларусі і, такім чынам, аслабленнем прэзідэнта Беларусі. Жорсткія рэпрэсіі, сілавы разгон мірных дэманстрацыяў і, сярод іншага, не дай божа, кровапраліцце, гэтым раз назаўсёды замкнуць Аляксандру Лукашэнку дзверы на Захад.

Мітынг прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай у Менску, 30 ліпеня 2020.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Загадкавае затрыманне 33 наймітаў расейскіх вайсковых адзінак у Беларусі ўзмацняе напружанасць. Ёсць здагадкі, што гэта быў адзін з элементаў падрыхтоўкі да вялікай расейскай правакацыі і, магчыма, да кровапраліцця ў дзень выбараў ці неўзабаве пасля іх. Здаецца, сам Лукашэнка, хоць і ўскосна, падтрымлівае гэтую версію і ўсё больш выразна паказвае на Расею.

Што расейскія найміты рабілі ў Беларусі?

З іншага боку, «Белсат» атрымаў непацверджаную інфармацыю ад колаў, набліжаных да беларускіх сілавых структураў, што Служба бяспекі прэзідэнта Беларусі непасрэдна ўдзельнічала ў прыездзе наймітаў, а мэтай была правакацыя сутычак з АМАПам падчас магчымых акцыяў пратэсту, нават з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. Пасля такіх інцыдэнтаў у прэзідэнта былі б развязаныя рукі, каб жорстка расправіцца з апазіцыяй, якая, акрамя таго, на вачах Захаду была б абвінавачаная ў сувязях з Расеяй.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Некаторыя аналітыкі прытрымліваюцца думкі, што праўда схаваная недзе глыбей, і ўся гэтая справа – тэатр для беларускага грамадства і міжнароднай думкі, на што першапачаткова згадзіўся расейскі бок (паколькі складана сабе ўявіць, каб расейскія спецслужбы не звярнулі ўвагі на ўдзел больш як сотні расейскіх «сабак вайны»).

Сяброўства Пуціна

Гэтую версію магла б пацвердзіць учорашняя тэлефонная размова Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якая моцна ўражвае. Пуцін папярэджвае прэзідэнта Беларусі, каб той не заходзіў занадта далёка, распавядаючы пра расейскую пагрозу. Гэтак можна інтэрпрэтаваць выказванні шэрагу аўтарытэтных дзеячаў расейскага істэблішменту, а таксама, здавалася б, той нязначны факт, што чарговыя зоркі расейскай эстрады адмаўляюцца ўдзельнічаць у імпрэзах прэзідэнта Беларусі. У той жа час Пуцін усё ж працягвае «братэрскую» сяброўскую руку…

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Насамрэч, здаецца, што для Расеі сёння аптымальны варыянт – гэта перамога максімальна аслабленага ўнутранымі пратэстамі Аляксандра Лукашэнкі, якім можна было б кіраваць яшчэ лепш, чым цяпер. Гаворка не ідзе пра варыянт расейскага ўзброенага ўмяшання накшталт Крыму ці нават Данбасу, з-за міжнароднай сітуацыі Расеі. Гэткі рух, які зруйнаваў бы міжнародны лад у самым цэнтры Еўропы і на мяжы паміж ЕЗ і NATO, абавязкова выклікаў бы вельмі сурʼёзныя крокі еўрапейскіх краінаў і ЗША.

З іншага боку, калі разглядаць гіпатэтычную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку, то кожны новы прэзідэнт Беларусі, абраны на дэмакратычных выбарах, нават калі б ён паходзіў з наменклатурных ці нават блізкіх да Масквы колаў, прынамсі першапачаткова атрымаў бы нашмат большае падтрыманне насельніцтва. Такім чынам, ён меў бы непараўнальна шырэйшую прастору для палітычнага манеўру і ў дачыненні Расеі. Гэта, вядома, не азначае, што Крэмль не будзе мяшаць у беларускім палітычным катле.

Лукашэнка і Пуцін у Сочы.
Фота: president.gov.by

Тым не менш, здаецца, што на гэты момант – з усімі агаворкамі – Крэмль робіць стаўку пераважна на Аляксандра Лукашэнку. Любыя каляровыя рэвалюцыі, нават з белымі стужкамі, з-за іх непрадказальнасці і «дрэннага прыкладу» для расейцаў, ніколі не выклікалі ў Крамля празмернага даверу.

Вырашальная роля грамадства

Аднак, калі ўлічыць усе магчымыя сцэнары, спрэчныя інтарэсы, складаныя гульні спецслужбаў, шырокую дэзынфармацыю і рашучасць дыктатара, – трэба памятаць, што ва ўсім гэтым ёсць яшчэ адзін істотны актор, які таксама адыграе важную і, магчыма, вырашальную ролю ў тым, што здарыцца ў бліжэйшыя дні і чарговыя гады. Гэта беларускае грамадства, якое сёння выказвае сваю волю ў масавых мірных акцыях пратэсту. Шмат што залежыць ад яго сталасці, рашучасці ды спакою.

Фота Аліса Ганчар/belsat.eu

Незалежна ад таго, што здарыцца, кіраванне Аляксандра Лукашэнкі аднойчы скончыцца, цяпер ці ў будучыні. Беларусь усё ж будзе ляжаць паміж Расеяй і Польшчай, а значыць, і Еўразвязам, і гісторыя на гэтым не завершыцца. Важна, каб не здарыўся наступны трагічны эпізод, і каб беларусы самі маглі вырашаць свой лёс.

Агнешка Рамашэўская-Гузы belsat.eu

Стужка навінаў