Ваянком за грошы вызваляў ад вайсквай службы


Аляксандр Петравец, ваенком Слуцкага і Старадарожскага ваеннага камісарыяту, падазраецца ў атрыманні буйных грашовых узнагародаў за вырашэнне пытанняў аб вызваленні ад вайсковай службы. У дачыненні да службовай асобы заведзена крымінальная справа – атрыманне хабару. Усталяваннем фактаў займалася Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Паводле выдання SlutskGorod, інфармацыю аб затрыманні ваенкома пацвердзілі ў Следчым камітэце.

«Упраўленнем Следчага камітэту па Менскай вобласці расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да былога ваеннага камісара Слуцкага і Старадарожскага раёнаў. Крымінальная справа распачата пракуратурай Менскай вобласці па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу – атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду», – паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Менскай вобласці Таццяна Беланогая.

У Следчым камітэце дадалі, што згодна санкцыі пракурора да чыноўніка ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Па крымінальнай справе праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне ўсіх абставінаў супрацьпраўнай дзейнасці.

Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

48-гадовы Аляксандр Петравец займаў пасаду ваенкома з 2013 года. У 2018 годзе палкоўнік быў абраны дэпутатам Слуцкага раённага Савета дэпутатаў па Віленскай выбарчай акрузе. Ваенкамат Слуцкага і Старадарожскага раёнаў у снежні гэтага года адзначыў 100-годдзе з моманту свайго стварэння, раней прызнаваўся лепшым сярод ваенкаматаў Менскай вобласці.

У лістападзе летась падчас правядзення Дня прызыўніка Аляксандр Петравец адзначыў, што служба ва Узброеных Сілах – гэта ганаровая місія, школа мужчынаў, сталенне юнакоў, фармаванне і выхаванне якасцяў сапраўднага мужчыны.

«Ад таго, як будуць юнакі ставіцца да сваіх воінскіх абавязкаў, як будуць служыць, залежыць абараназдольнасць нашай дзяржавы, спакой жыхароў краіны», – прыводзіў словы былога кіраўніка «Слуцкі край».

СК, belsat.eu

Стужка навінаў