Ватыкан прызнаў Лукашэнку. Ці Тадэвуш Кандрусевіч вернецца на радзіму?

За грамадзянскую пазіцыю святарам забараняюць служыць. У касцёлы ўрываецца АМАП. У Беларусі трываюць масавыя рэпрэсіі, а кіраўніку Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі, мітрапаліту, грамадзяніну Беларусі Тадэвушу Кандрусевічу забаранілі ўезд у краіну. Тым часам новы амбасадар Ватыкану – апостальскі нунцый – падымае келіх з Лукашэнкам і цісне яму руку. Як працуе дыпламатыя апостальскай сталіцы? І ці азначае яна прызнанне Аляксандра Лукашэнкі?

Усмешкі, пацісканне рук, узнятыя келіхі шампанскага. Лукашэнка прымае даверчыя лісты ад амбасадараў Венесуэлы, Ірану, Паўночнай Карэі, Сірыі, Турцыі ды Японіі. У гэтай кампаніі апынуўся і апостальскі нунцый Антэ Ёзыч – новы прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі.

Падчаc спаткання з амбасадарам Апостальскай Сталіцы Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Перадайце Папу Рымскаму мае самыя добрыя пажаданні. Я яго бязмерна паважаю. Я сустракаўся з многімі ягонымі папярэднікамі. Але гэта найлепшы Папа Рымскі».

У цяперашняй сітуацыі, калі ў Беларусь забаронены ўезд арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, а Лукашэнка працягвае далей ціснуць на Касцёл, такія паводзіны афіцыйнага Ватыкану як мінімум выглядаюць спрэчна. Бо толькі напярэдадні сустрэчы з Антэ Ёзычам кіраўнік Беларусі вось так выказаўся пра Касцёл падчас сустрэчы з праваслаўным мітрапалітам Веньямінам:

«Абараняць гэтую дзяржаву – мой галоўны абавязак. Канечне, я вымушаны буду рэагаваць. Прыкладам таму – кіраўнік каталіцкай царквы. Ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашую краіну, нікому не будзе дазволена».

Агулам выглядае на тое, што Лукашэнка, пасля прызначэння новага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, намерыўся выкарыстоўваць гэтую структуру выключна з палітычнымі мэтамі. Аднак не ўсіх такі расклад задавальняе.

Каментуе праваслаўны святар Аляксандр Шрамко:

«Большасць свядомых людзей – не тых, хто проста ходзіць свечку паставіць, – яны ў прынцыпе больш спачуваюць пратэстам. І тое, як сябе паводзіць Веньямін, скіравана на тых людзей выпадковых, якія прыходзяць у царкву, але за кошт якіх яна існуе. Яна яшчэ існуе за кошт таго, як добра да яе ставяцца ўлады. І вось на гэта ўсё накіравана».

На фоне гэткай актыўнасці рэжыму Лукашэнкі на рэлігійным полі выглядае, што Ватыкан беларускіх каталікоў проста не бярэ ў разлік. Аднак варта звярнуць увагу на асобу новапрызначанага нунцыя Антэ Ёзыча. Гэта паліглот з веданнем 10 моваў і дасведчаны дыпламат, за плячыма якога праца ў Індыі, Расеі, Кітаі ды Кот д’Івуары. Краінах, якія асаблівай прыязнасцю да каталікоў зусім не вызначаюцца. Выглядае, што Ёзыч – свайго кшталту антыкрызісны менеджар, здольны працаваць у жорсткіх умовах.

Гаворыць Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Каталіцкая супольнасць у Беларусі – гэта адна тысячная сусветнай. Так, у Беларусі шмат хто цярпіць, але зноў жа нагадаю, што ў глабальным маштабе 800 мільёнаў галадоўнікаў, 80 мільёнаў уцекачоў, 250 мільёнаў хрысціянаў, якіх пераследуюць, і гэта ў значнай ступені трапляе ў фокус увагі Ватыкану, асабліва ў часы пантыфікату Францішка, каторы ўразлівы да такіх праблемаў».

З іншага боку, усмешлівыя фотаздымкі нунцыя з Лукашэнкам выклікалі абурэнне не толькі ў беларускіх вернікаў, але і сярод святароў. Гэтак, каталіцкі дыякан Юрый Рашатко нават правёў адзіночны пікет перад Архікафедральным касцёлам у Менску – ён трымаў плакат з тэкстам «Аспрэчваю». Паводле ягоных словаў, гэтая падзея была памылковай і шкоднай для Касцёлу ў Беларусі. У такой сітуацыі складана чакаць нейкага добрага выніку ў дыпламатычнай працы.

Пётр Рудкоўскі:

«Дыпламатычнымі шляхамі будуць спрабаваць пераадолець узніклыя праблемы і канфлікты. У прыватнасці, задача нумар адзін – дамагчыся вяртання Кандрусевіча. Гэта будзе вельмі няпроста, бо вельмі шмат чырвоных лініяў перакрочана і з боку рэжыму, і ў вачах рэжыму з боку мясцовай каталіцкай царквы, таму тут найбліжэйшымі месяцамі не выпадае чакаць вырашэння гэтай справы».

Чым хрысціянскія святары раззлавалі Лукашэнку?

Тым больш што рэжым пакуль не выказвае жадання ісці на нейкае нават дыпламатычнае пацяпленне стасункаў з Еўропай. Вось што Лукашэнка заявіў пра Польшчу:

«Мы не ведаем, што яны нам яшчэ з Польшчы падкінуць. Яны хацелі ў нас рэвалюцыю ўстроіць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж. А атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая. І яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі падняліся. Там падняліся жанчыны, і зразумела, за што. Там падняліся сяляне».

Што праўда, гэтакая рыторыка не працуе ні ўнутры Беларусі, ні за яе межамі.

Каментуе польскі публіцыст і сацыёлаг Славамір Серакоўскі:

«Я думаю, што палякі проста не ўспрымаюць Лукашэнку сур’ёзна. Вядома, яны бачаць у ім пагрозу для беларусаў, ён – важны фактар у развязанні будучыні Беларусі. Але тое, што ён кажа, што прыдумляе – сядае ў верталёт і ляціць кудысьці або робіць нешта іншае – успрымаецца з іроніяй. У абсалютным адрозненні ад Марыі Калеснікавай і Святланы Ціханоўскай, якіх успрымаюць з вялікаю павагаю».

Тым часам адным з лозунгаў у часе пратэстаў у Польшчы, скіраваных супраць увядзення больш жорсткай антыабарцыйнай палітыкі, гучыць:

«Менск – Варшава – супольная справа». І пакуль менавіта гэтыя пратэсты – галоўнае пытанне палітычнага парадку дня ў Польшчы. Такім чынам, калі гэты палітычны крызіс зацягнецца, ёсць верагоднасць, што ў суседзяў проста не будзе часу на важныя вонкавапалітычныя рашэнні, у тым ліку і для падтрымання Беларусі.

Славамір Серакоўскі:

«Тое, што можа зрабіць Польшча, – гэта абсалютна канкрэтныя рэчы. Гэта мусіць быць падтрыманне незалежных арганізацыяў у Беларусі. Беларусам трэба дапамагаць на месцы, а не чакаць, пакуль яны эмігруюць. Неабходна дапамагаць беларускім незалежным медыям – фантастычным і прафесійным журналістам, якіх пераследуюць і арыштоўваюць. Таксама варта прапаноўваць стыпендыі і дапамогу пацярпелым праз рэпрэсіі і дбаць пра развіццё беларускай культуры ў Польшчы. Падтрымліваць інстытуцыянальна, канкрэтных асобаў і арганізацыі».

Відавочна, што гэткі план дзейны рэжым зусім не задавальняе. Лукашэнка пакуль шукае для сябе іншыя крыніцы досведу і натхнення. Пра гэта сведчыць заява Лукашэнкі:

«Беларусь разлічвае на ўмацаванне стасункаў з КНДР. Неапраўдана нізкі ў нас узровень стасункаў з Карэяй. Нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым кірунку».

І пакуль выглядае, што рухаецца рэжым у гэтым самым кірунку.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Фота: president.gov.by

Hавiны