Васьмікласніцы знялі на відэа злодзея і атрымалі ўзнагароду ад міліцыі


Вікторыя Абрамовіч і Кацярына Кавалёва з начальнікам АУС Чыгуначнага раёну Гомля палкоўнікам міліцыі Ігарам Цімашэнка

Мужчына на Прывакзальнай плошчы абласнога цэнтру скраў у іншага асабістыя рэчы, а дзве школьніцы знялі момант злачынства на відэа. Інцыдэнт здарыўся ўлетку, а цяпер дзяўчыны атрымалі падзяку і ўзнагароду ад праваахоўнікаў.

Упраўленне унутраных справаў Гомельшчыны паведамляе, што вучаніцы ваенна-патрыятычнага класа з школы № 3 апынуліся на месцы злачынства выпадкова. Вікторыя Абрамовіч і Кацярына Кавалёва знялі злачынцу на мабільны тэлефон – момант, калі той абкрадаў мужчыну. Міліцыянтам яны паведамілі прыкметы злодзея, накірунак, куды ён пайшоў ды паказалі відэазапіс.

За свой учынак дзяўчыны атрымалі падзякі ад начальніка аддзелу ўнутраных справаў, а таксама грашовы падарунак. Сума падарунку не паведамляецца.

Узнагароджванне адбылося у межах урачыстай цырымоніі: новыя вучні ваенна-патрыятычных класаў у гэты дзень у прысутнасці чыноўнікаў, духавенства ды ідэалагічных працаўнікоў прынеслі клятву навабранца. «Завершылася цырымонія агульнай малітваю і наступным праходжаннем вучняў ганаровым маршам», – паведамляе сайт гомелськай міліцыі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары