Васіліса Мікулішна зноў змагаецца за свайго Стаўра

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Кіраўнік краіны кідае ў вязніцу чалавека з правінцыі, якога палічыў занадта ганарлівым і непакорлівым, а жонка гэтага чалавека едзе ў сталіцу, кемлівая і смелая, каб выцягнуць мужа з няволі.

Нічога не нагадвае?

Сумесныя фота Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калеснікавай адразу выклікалі каментары пра трыумф фемінізму ў Беларусі, але з пункту гледжання гісторыка такая рэакцыя падаецца вельмі сумнеўнай.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская, галоўны твар гэтай прэзідэнцкай кампаніі, сваімі дзеяннямі свядома ці несвядома абуджае куды больш старажытныя і глыбокія архетыпы, якія не маюць анічога агульнага з сучасным фемінізмам.

Акрэслімся з паняццямі

Фемінізм – сацыяльна-палітычны рух, які заяўляе, што ягонай мэтай ёсць роўнасць мужчын і жанчын ва ўсіх сферах (праўда, цяпер ці не 99% феміністак кажуць пра «гендарную роўнасць», што зусім іншая справа, але мы зараз не пра гэта). У апошнія дзесяцігоддзі можна сказаць, што амаль поўны функцыянальны аналаг марксізму, толькі з заменай «прыгнечанага класа» на «прыгнечаны пол», які павінен ваяваць супраць «пола-прыгнятальніка».

Відавочна, што гісторыя і вобраз Святланы Ціханоўскай не маюць нічога з гэтым агульнага. Яна змагаецца за свабоду мужа і сваёй краіны. Яна не кажа, што «увасабляе надзеі ўсіх беларускіх жанчын на жаночую самарэалізацыю», як гэта рабіла Гілары Клінтан падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года. Наадварот, яна кажа, што зусім не паводле сваёй волі пакінула дзяцей і дом, тое самае ненавіснае феміністкамі «хатняе нявольніцтва», каб пайсці ў палітыку.

Моцная жанчына на лідарскай пазіцыі – не значыць феміністка

І мы маем такіх моцных гераіняў у гісторыі і творах культуры зусім нефеміністычных часоў. Хіба нехта ў добрым розуме назаве феміністкай Рагнеду, якая помсціць за сваю сям’ю князю Уладзіміру і гадуе сына-абаронцу? Не, для яе няма супрацьстаўлення жаночага і мужчынскага, яна фактычна аднаўляе самастойную дынастыю полацкіх князёў.

Карціна Віктара Маркаўца «Рагнеда і Ізяслаў».

Ці Жана дʼАрк, якая, па яе ўласных словах, ідзе ваяваць за караля па закліку арханёла Мікалая і святой Кацярыны, моцная? Канешне, і яна таксама, мякка кажучы, зусім не феміністка.

Тое ж самае можна сказаць і пра Еўфрасінню Полацкую, якая прысвячае сябе Богу, і пра Анастасію Слуцкую, якая асабіста абараняе Слуцкае княства ад татараў, каб зберагчы яго для свайго сына Юрʼя. Дарэчы, Юрый потым будзе сярод пераможцаў у бітве з маскоўцамі пад Воршай у 1514 годзе.

Працягваць можна амаль бясконца. У гэтым шэрагу і Эмілія Плятэр, удзельніца паўстання 1830 года, і Наталля Арсеннева, аўтарка гімна «Магутны Божа», і Ларыса Геніюш, якая прайшла праз ГУЛАГ, і шматлікія нашыя сучасніцы, такія як Вольга Севярынец.

У дзяцінстве мы таксама маглі бачыць мультфільм «Васіліса Мікулішна» як раз пра такую жанчыну. Рэзюме сюжэта – у першым абзацы гэтага артыкула.

Дарэчы, і Васіліса Мікулішна, і яе муж Стаўр у арыгінальных варыянтах быліны – нашыя землякі з Вялікага княства Літоўскага. Толькі супадзенне? Магчыма, а магчыма, што і не зусім.

Гераічная песня 1000-гадовай даўніны спяваецца аноў літаральна на нашых вачах.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў