Васіль Парфянкоў пра ўварванне ў расейскія банкі: Ні пра што не шкадую


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGYTNjOW1KeFNUT2clMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]На павінна так быць, што ў Кіеве працуюць расейскія банкі, за чые грошы купляецца зброя для сепаратыстаў Данбасу, заявіў былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў у эксклюзіўным інтэрвʼю Belsat.eu.

20 лютага добраахвотнікі атраду «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў» «пабілі» офіс прарасейскага алігарха Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-Банку» і паразбівалі вітрыны ў офісе «Сбербанку Расеі». За ўдзел у знішчэнні маёмасці ўкраінская паліцыя затрымала былога беларускага палітвязня Васіля Парфянкова, якога абвінавацілі ў хуліганстве паводле часткі 2 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Украіны. Суд прызначыў хатні арышт для Парфянкова на час следства. Belsat.eu спаткаўся з Васілём Парфянковым у Кіеве ды паразмаўляў з ім пра апошнія падзеі ў ягоным жыцці.

– Можаце распавесці са свайго пункту бачання, што адбылося 20-га лютага ў Кіеве?

– 20-га лютага ў Кіеве планавалася акцыя супраць прадстаўніцтва Рыната Ахметава, бо ні для каго ні сакрэт, што Ахметаў – гэта «шэры кардынал» Данбасу. Праз яго, пра фірмы, якія засталіся на Данбасе, ідзе спансараванне сепаратыстаў. У Кіеве не павінна быць такога, каб на свабоднай украінскай зямлі працавалі такія ўстановы, якія спансаруюць сепаратыстаў на Данбасе, якія забіваюць украінцаў. Першапачаткова не планавалася такой радыкальнай акцыі. Планавалася пайсці, перадаць Рынату Ахметаву чарговую петыцыю, зварот ад украінскага народу. Калі мы падышлі да ягонага офісу, нас там чакалі працаўнікі паліцыі, усё было ачэплена, увайсці нам не далі. Таму людзі пачалі біць шыбы без усялякіх загадаў, там былі не толькі байцы добраахвотніцкіх батальёнаў, але і цывільныя людзі. Мы ж не будзем ім забараняць, калі ў людзей накіпела. Мы ж не «мянты», каб іх біць, казаць, каб не кідалі… Як выйшла, гэтак выйшла. Тое ж самае адбылося з расейскімі банкамі. «Альфа-Банк» – гэта пуцінскі банк, «Сбербанк России» таксама адмывае грошы з Данбасу, якія яны незаконна здабываюць, забіраючы маёмасць. І такія вось установы працуюць у Кіеве… Парашэнка паказаў у той дзень, што абараняе сепаратызм, то бок прэзідэнт Украіны абараняе сепаратысты Ахметава – гэта таксама нонсенс. Людзям надакучыла так жыць, таму гэтак усё і адбылося. Тым больш, 20-га лютага, дата такая, – гадавіна Майдану, гадавіна расстрэлу Нябеснай сотні, а людзі прыйшлі на Майдан, а там куча паліцыянтаў: таго нельга, гэтага нельга, усё ачэплена. Таму быў парыў народнага гневу, так скажам.

– Некаторыя вас моцна крытыкавалі ў Беларусі. Што б вы сказалі на гэта?

– Ва Украіне народ гатовы і адстойвае сваю культуру ўсялякімі метадамі. Цяпер ва Украіне вайна, украінцы ваююць, не ўсе могуць ваяваць з тых ці іншых прычынаў: нехта судзімы, некаторыя маюць праблемы са здароўем, нехта не можа быць на Данбасе. Тое, што цяпер адбываецца ва Украіне з боку ўраду, нейкія дамоўленасці… Паводле ўсіх міжнародных канвенцыяў, з тэрарыстамі не дамаўляюцца, тэрарыстаў «мочаць» па ўсім свеце. Парашэнка кажа, што трывае Антытэрарыстычная аперацыя, то якія могуць быць дамоўленасці? Гэта там сядзіш у акопе, па табе лупяць з «Граду» і ты не можаш страляць у адказ, бо яны выконваюць нейкія дамоўленасці, і гінуць украінцы.

– Чаму вас затрымалі першага пасля здарэння з банкамі?

– Насамрэч мяне, імаверна, затрымалі не першага, бо, калі сядзеў у пастарунку, то бачыў маладога хлопца, які, відаць, быў няпоўнагадовы і якога, мабыць, адпусцілі. У аддзеле мяне спрабавалі дапытваць, а я сказаў, што ніякіх паказанняў без адваката даваць не буду. Я сядзеў у адчыненым кабінеце і бачыў, як яго праводзілі па калідоры. Я ведаю, што яшчэ некалькі цывільных асобаў затрымалі. Мне далі пазваніць, я пазваніў мясцовым валанцёрам, каб яны звязаліся з камбатам Мікалаем Каханіўскім. Узнялася шуміха, пра мяне пачалі пісаць, што мяне затрымалі нібыта першым. Ведаю, што яшчэ ўтрымліваюць некалькі асобаў, днямі маюць быць суда пра захаду стрымання для іх. Ва Украіне, калі затрымліваюць, то да трох содняў сядзіш у ізалятары часовага ўтрымання, а пазней суд выбірае захаду стрымання: арышт, хатні арышт ці адпускаюць на парукі.

– Як вас затрымалі? Як гэта было?

– Падчас імпрэзаў, прысвечаных гадавіне апошняга Майдану, там спрабавалі арганізаваць 3-ці Майдан, сядзелі людзі, ставілі намёты, палілі бочкі. Усё было як раней на Майдане. Я прыйшоў паглядзець, прабыў з імі содні, пасядзеў, пасля ехаў дадому, а на станцыі метро Тэатральная да мяне падышлі людзі ў цывільным, прадставіліся, затрымалі. Не магу сказаць, што затрыманне было нейкім грубым, з парушэннем маіх правоў. Усё было цывільна, не білі, не заломвалі рук, нічога такога як у нас у Беларусі. Яны проста папрасілі дакументы. Пашпарта ў мяне пры сабе не было, бо я ішоў на Майдан, думаў, што там можа быць усялякае: ці вадой зальюць, ці неяк пашкодзяць. Яны запрапанавалі праехаць у аддзел для высвятлення асобы. Я пайшоў, сеў да іх у машыну. Яны мяне адвезлі ў пастарунак. Ужо непасрэдна там следчы пачаў задаваць пытанні адносна 20-га лютага. Я ўжо зразумеў, што мяне не для праверкі дакументаў прывезлі, а менавіта ў гэтай справе.

– Яны ведалі, каго затрымліваюць?

– Канешне, яны адразу мне паказалі відэа. Пытаюцца: нешта адмаўляць будзеш? А што адмаўляць? Ёсць відэа, няма сэнсу адмаўляць. Я сказаў, што ніякіх паказанняў без адваката даваць не буду: альбо адпускайце, альбо вязіце. Яны пастанавілі затрымаць мяне на трое содняў. Два дні я прабыў у ізалятары часовава ўтрымання, потым мне далі адваката. Ён разам са следчым афіцыйна абʼявіў мне, што я зʼяўляюся падазраваным у здзяйсненні гэткага злачынства. На наступны дзень мяне ўжо адвезлі ў Шаўчэнкаўскі суд у Кіеве.

– Як да вас ставіліся пасля затрымання, наколькі карэктна паводзілі сябе паліцыянты?

– Тут паліцыя яшчэ памятае, што такое Майдан і што можа быць, калі пачнецца масавае збіццё актывістаў ці яшчэ нешта. Таму ставіліся дастаткова лаяльна. Тут шмат паліцыянтаў, якія самі былі ў зоне АТА, можа, не на самай перадавой, але ездзілі па сваіх оперскіх справах ва ўжо вызваленыя гарады і сёлы, таму яны разумеюць, што такое АТА і што адбываецца тут у Кіеве.

– Яны ведалі, што вы ваявалі ў АТА? Гэта нейкім чынам дапамагала?

– Спачатку яны ведалі толькі з маіх словаў, што я там быў. Любы чалавек ведае, які там быў, што пра гэта не жартуюць і не падманваюць. Толькі незразумелыя людзі могуць так учыніць. Такіх, праўда, таксама хапае, якія апранаюць форму, ходзяць ды зарабляюць грошы. Гэта нейкія левыя валанцёры, якія незразумела каму збіраюць грошы. Яны, відаць, зразумелі, што я ўсё ж не падманваю, таму ставіліся карэктна.

– Як праходзіў суд, калі вам выбіралі захаду стрымання?

– Пракуратура падала хадайніцтва пра ўтрыманне мяне пад вартай. Смешна было слухаць, як пракурор казаў, што я магу перасекчы мяжу і ўцячы ў Беларусь. Я кажу: «Паслухайце, мне там 17 гадоў за кратамі пагражае за наёмніцтва, а тут усяго толькі 4 максімальна. Я і пабягу ў Беларусь?» У судзе былі народныя дэпутаты, якія падалі афіцыйную заяву, што могуць узяць мяне на парукі, гатовыя заплаціць за мяне заставу. Суд пастанавіў, што я маю застацца пад кругласодневым хатнім арыштам.

– Як выглядае і на чым палягае хатні арышт?

– Я не маю права пакідаць дому. Мне вызначылі перыметр ад дому каля 500 метраў, у якім я магу перамяшчацца. Магу схадзіць у магазін, у шапік па сігарэты, але не далей. Калі б мне прышпілілі электронны бранзалет, то ён бы падаваў сігнал, калі б я выходзіў некуды далей. Тады б прыязджалі і затрымлівалі. Але свабодных бранзалетаў не аказалася, усе занятыя.

– І як далей будзе выглядаць справа? Калі будзе наступны працэс?

– Адвакат ад майго імя падаў апеляцыю. Пакуль не прызначылі ніякай даты судовага разбіральніцтва. Павінны паведаміць.

– Як вы ацэньваеце хатні арышт? Гэта справядлівая захада?

– У судзе было шмат актывістаў, байцоў. Былі народныя дэпутаты – Ігар Луцэнка ды Ігар Масійчук, прыйшоў камбат Мікола Каханіўскі. Суддзя разбіраўся адэкватна па справе. Паводле закону Украіны, узяць пад варту могуць толькі раней судзімага чалавека і якому пагражае па справе да 5 гадоў зняволення. У мяне справа была, паводле якой караюць зняволеннем да 4 гадоў, але я не быў судзімы ва Украіне, таму яны не мелі права ўзяць мяне пад варту.

– Якія ў вас далейшыя планы: збіраецеся на фронт, калі зʼявіцца магчымасць?

– Канешне, хацелася б вярнуцца. Нядаўна сазвоньваўся з хлопцамі, якія засталіся ў зоне АТА. Была чутная страляніна. Там цяпер даволі горача. Хочацца быць разам з пабрацімамі, бо тут цяжка хадзіць. Ідзеш у форме з шаўронам дабравольца, а на цябе глядзяць як на нейкага незразумелага чалавека, бандыта нейкага.У Кіеве яшчэ да Новага года людзі бачылі чалавека ў форме і падыходзілі, гаварылі, абдымалі, давалі шакаладкі, выяўлялі ўвагу. А цяпер такога няма: ідзеш, вайна ва Украіне, а моладзь прызыўнога ўзросту сядзіць, гуляе, пʼе ў барах. Яе нічога асабліва не цікавіць. Вось гэта таксама незразумелая сітуацыя. Шмат хто не хоча ісці, бо такая сітуацыя на фронце, што рэгулярнай украінскай арміі забараняюць страляць паводле Менскіх дамоўленасцяў. На некаторых нават заводзяць крымінальныя справы. Была справа летам, калі выехала сепаратысцкая баявая машына пяхоты ў Песках у 800 метрах ад блок-паста і страляла па ўкраінскай пазіцыі хвілін 20. Толькі адзін камандзір 9 роты залез у сваю БМП, выехаў, адагнаў супаратысцкую і на яго завялі крымінальную справу за тое, што ён парушыў Менскія дамоўленасці. На ўмацаваны раён, на сепаратысцкі блок-пост пераважна хадзілі мы, добраахвотнікі. Ёсць яшчэ хлопцы з «Правага сектару», якія неафіцыйна там ваююць. Ёсць яшчэ лятучыя атрады: збіраецца група з 5-6 чалавек партызанаў ды атакуюць блок-пост праціўніка.

– Як вы сябе адчуваеце пасля ранення?

– Цяпер, дзякуй Богу, раненне не турбуе, толькі на змену надворʼя нагу круціць, а так бегаю, скачу па лесвіцах, усё нармальна. Мне ж пашанцавала, не былі закранутыя ні косці, ні нервы, толькі мяккія тканкі.

– Якія маеце адчуванні пасля гісторыі з банкамі? Няма дакораў сумлення?

– Я ні пра што не шкадую. Калі б быў падобны рух, я б зрабіў таксама. Я пабываў на Данбасе, бачыў раненні, смерць таварышаў у баі. Калі па іх страляюць са зброі, аплачанай грашыма з гэтых банкаў, – гэта жудасна… Парашэнка казаў перад выбарамі, што трэба нацыяналізаваць усе расейскія банкі. Ён казаў, што за два тыдні закончым вайну, нацыяналізуем расейскі бізнес, але нічога з гэтага не адбылося. У яго самога ў Ліпецку фабрыка. Як на тэрыторыі краіны-агрэсара можа быць фабрыка прэзідэнта Украіны? Таму я ні пра што не шкадую.

Размаўляў АЦ, belsat.eu

Стужка навінаў