Васіль Парфянкоў падчас следства аб пагромах застанецца пад хатнім арыштам


[/vc_column_text][vc_column_text]Шаўчэнкаўскі суд Кіева пастанавіў, што беларускі экс-палітвязень Васіль Парфянкоў, якога затрымалі пасля пагрому расейскіх банкаў у Кіеве, застанецца пад хатнім арыштам.

24-га лютага суд абіраў захаду стрымання для беларускага экс-палітвязня Васіля Парфянкова, абвінавачанага ў хуліганстве за пагром расейскіх банкаў у Кіеве. З усіх магчымых захадаў стрымання суддзя абраў хатні арышт для Парфянкова, хоць яго маглі пакінуць у следчым ізалятары, выпусціць на парукі або пад грашовы заклад.

Паседжанне вялі на ўкраінскай мове, а Васілю Парфянкову перакладалі на расейскую. Мікола Каханіўскі, камандзір Добраахвотніцкага корпусу АУН, чальцом якога быў беларус, асабіста паручыўся за Васіля Парфянкова, адзначыўшы, што беларус меў цяжкое аскепкавае раненне ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі.

Хадайніцтва ўзяць асабіста на парукі склалі яшчэ чатыры дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны – Андрэй Лазавой, Дмытро Мінько, Ігар Масійчук ды Ігар Луцэнка.

Пракурор настойваў на арышце ў сувязі з існымі рызыкамі, бо Парфянкоў не працуе ды можа выехаць у Беларусь, адкуль паходзіць.

Частка 2 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Украіны (хуліганства), паводле якога абвінавачваюць беларускага экс-палітвязня, прадугледжвае 4 гады зняволення. Абарона настойвае, што гэтае злачынства – не з разраду цяжкіх. Паводле адваката, выключнага цынізму ў дзеяннях Парфянкова няма, а калі ёсць шкода банку, то пытанне: ці нанесены ўрон дзяржаве? Адвакат заўважыў, што наўрад ці дзеянні беларуса могуць могуць выказваць непавагу да грамадства. Да таго ж няма ніякіх звестак аб памерах шкоды ў матэрыялах справы.

Адвакат падаў суддзі звесткі, у тым ліку з «Вікіпедыі», што «Альфа-банк» належыць акцыянерам з Расеі. пракурор запратэставаў: маўляў, гэтыя звесткі не ўтрымлівалі доказнай базы. Суддзя прыняў усю гэтую інфармацыю, нават з «Вікіпедыі», не задаволіўшы пратэсту пракурора.

Адвакат прасіў для Парфянкова захаду стрымання, не звязаную з ізаляцыяй, – хатні арышт у месцы пражывання ў Кіеве або перадача на парукі народным дэпутатам.

Парфянкоў заўважыў на працэсе: «Смешна слухаць пракурора, які кажа, што я магу збегчы ў Беларусь. У Беларусі мне свеціць не 4, а 17 гадоў». Экс-палітвязень заўважыў, што 20 лютага, у гадавіну пачатку Майдану, планавалася акцыя, якая б паказала, што расейскаму бізнесу не месца ва Украіне. «Дзіка, калі прыязджаеш з АТА, а тут спакойна ходзяць расейскія бізнесоўцы», – сказаў абвінавачаны.

20 лютага добраахвотнікі атраду «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў» «пабілі» офіс прарасейскага алігарха Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-банку» і паразбівалі вітрыны ў офісе «Сбербанку Расеі». Відэа інцыдэнту трапіла ў інтэрнэт.

На пагромах быў заўважаны былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў, які нядаўна атрымаў украінскае грамадзянства. Пасля затрымання Васіля Парфянкова камандзір Добраахвотніцкага корпусу АУН Мікола Каханіўскі адзначыў, што беларус не зрабіў ніякага разбою, а дзейнічаў на ягоны загад. Міністэрства ўнутраных справаў Украіны выклікала Каханіўскага на допыт.

Байцы тактычнай групы «Беларусь», якая ваюе за Украіну на Данбасе, папрасілі ўкраінскія ўлады быць абʼектыўнымі ў разглядзе справы Васіля Парфянкова ды звярнуць увагу на тое, што «людзі пасля вяртання з фронту (як Васіль Парфянкоў. – Заўв. belsat.eu) пэўны час бачаць свет і падзеі ў чорна-белых колерах».

Адмысловы сюжэт пра Васіля Парфянкова глядзіце на «Белсаце» ў праграме «Прасвет» у найбліжэйшую пятніцу а 21:40. Пазней выданне будзе даступнае на старонцы Belsat.eu.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў