«Вас возьмуць на заметку». Сям'ю выгналі са здымнай кватэры праз бчб-сцяг


Ганна Місюкевіч разам з мужам Юліанам і дзіцём здымалі кватэру ў спальным раёне Менску. Напярэдадні выбараў яны вырашылі павесіць бчб-сцяг на вакне. Але гаспадыні кватэры іхная грамадзянская пазіцыя не спадабалася, і яна літаральна выгнала сям’ю з хаты.

Так выглядаў сцяг у вакне дому.
Фота: архіў герояў

Аніякіх кампрамісаў

«Мы жылі ў гэтай кватэры больш за год. Усё было добра», – распавядае Ганна Місюкевіч. – «Праблемы пачаліся, калі мы павесілі сцяг на вакне месяцы два таму».

Гаспадыня заўважыла сцяг два тыдні таму і адразу патэлефанавала мужу Ганны Юліяну, каб «паразмаўляць». Не датэлефанавалася – той быў на маршы. Але Ганна трубку падняла.

«Было даволі смешна: яна тэлефануе і кажа, што напачатку так узрадавалася. А потым зразумела, што гэта ейная кватэра. Маўляў, вельмі баіцца, што кватэру «возьмуць на заметку» і пачнуцца праблемы», — гаворыць жанчына.

Ганна спрабавала патлумачыць, што сямʼя ў выпадку чаго цалкам возьме адказнасць на сябе.

«Я падкрэсліла, што для нас гэта вельмі важнае пытанне. Мы не прыбяром сцяг, лепей зʼедзем з кватэры. Прапанавалі даць нам хаця б месяц, бо трэба паспець нешта новае знайсці, ды і яна магла б прыгледзець новых жыхароў».

Сцяг, які вывесіла сям’я Місюкевічаў, быў не адзіны ў доме.
Фота: архіў герояў

У якасці кампрамісу сямʼя прапанавала павесіць сцяг за шкло, каб яго было меней бачна. На гэта гаспадыня адказала, што падумае. У той жа час сяброўка Ганны, якая зараз шукае кватэру, пабачыла, што іхную кватэру выставілі на здачу на адной з інтэрнэт-старонак.

«Мы напачатку падумалі, што гэта нейкая памылка, папрасілі сяброўку праверыць, ці сапраўды гаспадыня збіраецца здаваць кватэру. Высветлілася, што тая сапраўды плануе здаваць жытло. Але зараз яна яшчэ »у задуменні», бо «там жывуць людзі». Папрасіла звязацца з ёй праз два дні».

Фактычна выгналі з кватэры

Ганне ўся сітуацыя вельмі не спадабалася. Але ўладальніца кватэры ў размове павярнула ўсё такім чынам, што кватаранты апынуліся кепскімі, а яна – добрая.

«Яна пачала сварыцца з намі. Крычала: «Здымайце сцяг!». На кожную нашую заўвагу, што яна непрыгожа зрабіла, гаспадыня мяняла тэму. Сцяг мы не знялі, гэта ўжо стала нашай прынцыповай пазіцыяй».

У адказ гаспадыня пачала пагражаць міліцыяй. Але Місюкевічы здымалі кватэру без дамовы, таму вырашылі, што наўрад ці яна наважылася б выклікаць праваахоўныя органы. У выніку было вырашана зʼехаць.

За гэты час сямʼя знайшла новую кватэру і ўжо паспелі туды пераехаць. Ім вельмі шмат дапамаглі людзі з дваравага чату.

«Мы адразу запыталіся на новым месцы, ці можам павесіць сцяг. Гаспадыня адказала, што супраць анічога не мае. Адзінае, калі пабʼюць вакно, то будзем самі яго мяняць».

Чаму такая сітуацыя ўвогуле адбылася? Ганна мяркуе, што прычынаю стаў хакратар уладальніцы.

«Мне здаецца, што гаспадыні проста страшна. Яна такі чалавек, любіць, каб усё было ціха і без увагі».

Ці гаспадары могуць выгнаць кватарантаў?

«Трэба разумець, што здымаць кватэру без дамову – гэта рызыка перадусім для кватарантаў. Гаспадар можа выселіць людзей па любому поваду: ад сцяга да шуму і бардаку. Таму жыхароў могуць выселіць у любы час», – гаворыць адмыслоўца ў галіне нерухомасці Наталля Літоўская.

Наталля Літоўская.
Фота: уласны архіў

Але здаваць без дамовы – гэта ініцыятывы гаспадыні, падкрэслівае Наталля Літоўская, таму можна пісаць скаргу ў падатковую. У падатковай з задавальненнем змусяць гаспадара выплаціць увесь ня сплачаны падатак плюс пені. І яшчэ штраф у памеры 15 % ад агульнай сумы ня сплачаных грошай.

«Але кватаранты анічога не атрымаюць. Яны свядома рызыкавалі», – заўважае адмыслоўца.

Дарэчы, калі б гаспадыня сапраўды выклікала міліцыю, то ў сямʼі маглі бы быць праблемы. Бо яны не маюць дамовы і можна было б трактаваць, што яны незаконна знаходзяцца ў кватэры. Таму праваахоўныя органы маглі б іх выгнаць.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў