Вартаўніку КДБ з Салігорску далі 10 гадоў за забойства рабочага «Беларуськалію». Спрэчка была з-за палітыкі


Салігорскі суд прызнаў вартаўніка Салігорскага КДБ, ваеннага пенсіянера Леаніда Штайду вінаватым у забойстве супрацоўніка «Беларуськалія» Генадзя Кіселя. Штайду прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Еўрарадыё». Пракурор прасіў сем з паловай гадоў.

12 жніўня ў Салігорску, каля будынку КДБ, адбылося забойства. Ваенны пенсіянер Леанід Штайда, па версіі следства, нанёс удар садовымі нажніцамі ў шыю рабочаму «Беларуськалію» Генадзю Кісялю.

Леанід Штайда. Фота з сацыяльных сетак

Леанід Штайда і Генадзь Кісель перапісваліся ў сацыяльных сетках і спрачаліся з-за палітычнай сітуацыі ў краіне. Кіселя Штайда называў «згубіўшымся». Да трагедыі яны асабіста не сустракаліся.

Штайда працаваў вартаўніком у мясцовым КДБ, побач з якім і адбылося забойства. Мужчына меў у руках садовыя нажніцы, якімі і нанёс смяротную траўму.

Пацярпелага спрабавалі выратаваць і нападнік, і мінакі, і медыкі, але ён памёр у рэанімацыі.

Штайда і Кісель асабіста знаёмыя не былі, у той дзень яны сустрэліся выпадкова, але да гэтага перапісваліся ў сацсетках, дзе спрачаліся пра палітыку: пенсіянер падтрымліваў дзейную ўладу, у рабочага было іншае меркаванне. Канфлікт скончыўся трагедыяй.

Ваеннаму пенсіянеру было прад’яўленае абвінавачанне ў забойстве, паводле ч.1 арт. 139 КК мужчыне пагражала ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дзяржабвінаваўца запрасіў сем з паловай гадоў, з улікам, што Штайда спрабаваў аказаць Кісялю першую дапамогу адразу пасля ўдару (хуткую дапамогу выклікалі мінакі, але Леанід дастаў з машыны аптэчку, заціскаў ручніком рану).

Але суд прысудзіў Штайду 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама судом пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага на карысць жонкі і дзяцей пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 150 000 рублёў і матэрыяльную шкоду ў памеры 3 802 рублі 89 капеек.

AB, belsat.eu

 

Стужка навінаў