Валюту ў абменніках пачнуць прадаваць без падатку


У Беларусі з 9 студзеня адмяняецца збор пры набыцці замежнай валюты насельніцтвам. Гэткую пастанову прыняў Нацбанк у рамках комплексу захадаў, каб стабілізаваць сітуацыю ў фінансавай сферы.

Перад гэтым з 8 студзеня Нацбанк абнуліў падатак на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты.

Такое развязанне мае наблізіць абменныя курсы куплі-продажу да афіцыйнага курсу беларускага рубля, які па выніках гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы 8 студзеня 2015 года склаў Br 13.760 за $ 1.

Нацбанк аднаўляе 9 студзеня выкарыстанне механізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валютаў. Пры гэтым у структуры кошыка доля расейскага рубля павялічваецца да 40%, а долі еўра і долара ЗША зніжаюцца да 30% кожная (раней кожная з валютаў мела сваю долю па 33%).

Нацбанк паведаміў, што будзе больш ашчадна выкарыстоўваць свае золатавалютныя рэзервы дзеля падтрымання абменнага курсу. Гэта будзе адбывацца толькі ў выпадку пікавых ваганняў кошту кошыка замежных валютаў.

Нацыянальны банк Беларусі ўвёў 30-працэнтную камісію пры куплі валюты 19 снежня 2014 года. Такая захада мела нібыта пераадолець ажыятажны попыт на валюту. Эксперты называюць гэтую камісію завуаляванай дэвальвацыяй.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў