«Валютную павіннасць» для прадпрыемстваў скасавалі. Што гэта значыць для эканомікі?


Айчынныя кампаніі, якія мелі даходы з-за мяжой, павінны былі частку валюты прадаваць за беларускія рублі. Такім чынам адміністратыўна падтрымліваўся курс беларускага рубля.

Цяпер гэты абавязак упершыню цалкам адменены. Што гэта значыць для беларускай эканомікі і звычайнага грамадзяніна краіны?

Да нядаўняга часу прадпрыемствы павінны былі прадаваць 10 % валютнай выручкі. Аднак фактычна прадавалі больш за 47 %, паведаміў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у сваім афіцыйным каментары.

«Ва ўмовах стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы і фінансавай сферы, дасягнення збалансаванасці попыту і прапановы на ўнутраным валютным рынку Нацыянальным банкам у 2016-2017 гадах прадпрымаліся паслядоўныя крокі па паступовым зніжэнні памеру абавязковага продажу… [Гэта] не паўплывала негатыўна на аб’ём прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку», – піша Нацыянальны банк.

Прычына валютнай стабільнасці – пераход да рыначнага вызначэння курсу беларускага рубля, кажа Вадзім Іосуб.

Новы этап наступіў пасля дэвальвацыі 2014-2015 года, калі ў Нацыянальны банк прыйшла новая каманда спецыялістаў, і беларускі рубель перайшоў на плаваючы курс.

«Цяпер валюту можна свабодна набыць і прадаць. Таму проста прымушаць прадаваць валюту сэнсу няма. Яе прадаюць і так, бо гэта трэба прадпрыемствам для гаспадарчай дзейнасці ў Беларусі – выдачы заробкаў, выплаты падаткаў», – адзначае ён.

Адпаведна і ўлады паступова пачалі зніжаць патрабаванне па продажу валюты кампаніямі – у верасні 2016 года нарматыў быў зніжаны да 20 % з 30, у кастрычніку 2017 года – да 10 %. Пры гэтым продаж валюты прадпрыемствамі не знізіўся, а толькі вырас – да $77 мільёнаў у сярэднім кожны дзень у кастрычніку 2017-чэрвені 2018 года з $62 мільёнаў у студзені-жніўні 2016 года, паведамляе Нацыянальны банк.

Сімвалічны пункт?

Беларускія ўлады яшчэ некалькі гадоў таму выпрацавалі план па лібералізацыі фінансавага рынку, у тым ліку па паніжэнні абавязковага продажу валюты кампаніямі да 0. Гэтая ж мэта была зафіксаваная ў сумеснай праграме з Еўразійскім банкам развіцця, кажа Вадзім Іосуб.

«Таму гэта было чакана. Менш прадаваць не стануць, і на курс не паўплывае. Гэта хіба што менавіта сімвалічны новы этап у фінансавым жыцці Беларусі – замацаванне пераходу да рынкавага курса», – кажа аналітык.

Па меркаванні Нацыянальнага банку, новы парадак палепшыць сітуацыю для вядзення бізнесу, прастымулюе эканамічную актыўнасць, падвысіць эфектыўнасць функцыянавання ўнутранага валютнага рынка, а значыць і давер да беларускай валюты.

Таксама, як лічыць аналітык «Альпары», падвысіцца інвестыцыйная прывабнасць Беларусі.

«Для замежных інвестараў гэта была незразумелая норма. Канешне, гэта не адзіны барʼер для замежных інвестыцыяў, аднак ягоная адмена трохі палепшыць выгляд Беларусі як месца для ўкладвання грошаў», – кажа Вадзім Іосуб.

«З незапамятных часоў»

Першы дакумент, які патрабуе ад беларускіх прадпрыемстваў продажу валюты, згадку пра які нам атрымалася знайсці – гэта прэзідэнцкі ўказ ад 2 чэрвеня 1997 года «Аб удасканаленні парадку абавязковага продажу замежнай валюты». Такім чынам ужо ў 1997 годзе гэты парадак трэба было ўдасканальваць.

«Гісторыя гэтага пытання даволі даўняя. У нас гэты механізм абавязковага продажу валюты быў па сутнасці заўсёды», – распавёў Белсату па тэлефоне старшы аналітык фінансавай кампаніі Альпары Вадзім Іосуб.

Курс беларускага рубля ў Беларусі быў штучна завышаны і ўстанаўліваўся ўладамі, а не рынкам.

«Сэнс абавязковага продажу валюты – гэты інструмент уласцівы краінам, дзе валютны курс спушчаны зверху адміністратыўным чынам. Як правіла жадаючых па нізкім курсе прадаваць валюту мала, таму ў такой сітуацыі ўлады адміністратыўна прымушалі прадпрыемствы да продажу валюты па заніжаным курсе», – кажа аналітык.

У «тлустыя» часы нормы продажу валюты ў Беларусі паніжаліся, у крызісныя моманты – павышаліся.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары