Валерый Карбалевіч: «Інтэграцыя з Расеяй – страта ўлады для Лукашэнкі»


Тыдзень таму Беларусь і Расея ўзгаднілі прыкладна 90 % праграмы паглыблення інтэграцыі. Плануецца, што падрыхтаваны дакумент абмяркуюць прэм’ер-міністры дзвюх краінаў 21 чэрвеня ў Менску. Чаго нам чакаць ад інтэграцыі?

З моманту ўтварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі 8 снежня 2019 года спаўняецца 20 гадоў. Сёлета структуру, якую апошнія гады шмат хто лічыў фармальнай, асабліва з улікам наяўнасці такіх арганізацыяў, як ЕАЭС і АДКБ, зноў спрабуюць рэанімаваць.

У новага амбасадара РФ у Беларусі «вельмі сур’ёзныя задачы па паглыбленні інтэграцыі»

Гэтак, у Саюзнай дзяржавы мусіць быць адзіная валюта з адзіным эмісійным цэнтрам, свае адзіныя органы ўлады, сцяг, герб і гімн, а ўсё справаводства павінна весціся выключна на расейскай мове. У межах СД Беларусь мусіць будзе праводзіць сумесную з Расеяй вонкавую абаронную, грашова-крэдытную, валютную, падатковую і цэнавую палітыку, мусяць быць аб’яднаныя транспартныя і энергетычныя сістэмы, памежныя органы.

Пра неабходнасць больш важкай інтэграцыі расейскі бок заявіў у снежні 2018 году, назваўшы рэалізацыю дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ўмовай атрымання Менскам датацыяў з РФ. У прыватнасці, Расея настойвае на стварэнні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суда, Падліковай палаты.

Беларускія ўлады такімі ўмовамі апынуліся незадаволенымі, але ўсё ж пагадзіліся стварыць камісію, якая сумесна з расейскімі калегамі пачала інвентарызацыю саюзнай дамовы. Тыдзень таму ўжо было ўзгоднена прыкладна 90 % праграмы паглыблення інтэграцыі. Плануецца, што падрыхтаваны дакумент абмяркуюць прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі 21 чэрвеня ў Менску. А ўжо да 25 чэрвеня ўзгодненыя прапановы далейшай інтэграцыі прадставяць прэзідэнтам дзвюх краін.

Міністр эканамічнага развіцця РФ: Праграма паглыблення інтэграцыі РФ і Беларусі ўзгоднена на 90 %

Беларускі бок ухіляецца раскрываць тэматыку перамоваў. І пакуль міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей кажа, што «прыйдзе час і ўсе пра ўсё даведаюцца», адзінай крыніцай інфармацыі пра перамовы з’яўляюцца прадстаўнікі Крамля. Паводле іх, будуць падрыхтаваныя два дакументы – «дарожная мапа і канцэптуальны дакумент, які будзе апісваць прынцыпы, на базе якіх будзе адбывацца рух». У іх ёсць пытанні адзінай валюты, адзіныя прынцыпы грашова-крэдытнай палітыкі, энергетычнай сферы, мытны блок.

Дыктатары хваравіта ставяцца да абмежаванняў

Беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч заявіў у каментары belsat.eu, што не чакае ніякіх сур’ёзных рухаў на шляху да рэальнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і да рэальнага аб’яднання дзвюх краінаў.

«Для Лукашэнкі гэта будзе азначаць страту рэальнай улады над Беларуссю, а дыктатары, якія любяць уладу, вельмі хваравіта ставяцца да любых вонкавых абмежаванняў», – адзначыў ён.

На думку аналітыка, кіраўнік Беларусі зараз спрабуе гуляць у «вельмі хітрую» гульню. Не адмаўляючыся ад саміх размоваў пра Саюзную дзяржаву, Аляксандр Лукашэнка разам з тым выстаўляе свае ўмовы, на якія не гатовыя пайсці ў Крамлі. Напрыклад, Беларусь хоча атрымліваць нафту і газ з РФ па ўнутраных расейскіх коштах, мець свабодны доступ сваёй прадукцыі на расейскі рынак, а таксама парытэтныя ўмовы пры кіраванні магчымым эмісійным цэнтрам будучай адзінай валюты. Робіць гэта Лукашэнка, каб «не сапсаваць свой вобраз у вачах і расейскай эліты, і расейскага грамадства», заявіў суразмоўца.

«Вядома, што Лукашэнка – самы папулярны замежны палітык у Расеі. І гэта такі капітал, які ён рэальнае капіталізуе ў тыя субсідыі, якія Расея выдае Беларусі. Таму Лукашэнка спрабуе такой, як ён лічыць гульнёй, перагуляць. То бок сказаць адразу, што мы не будзем весці перамовы на гэтую тэму, – гэта значыць пазбавіцца ад расейскіх датацыяў», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Суразмоўца не выключае, што будуць падпісаныя «нейкія дакументы з агульнымі дэкларацыямі», але толькі каб падштурхнуць Расею да працягу субсідыяў беларускай эканомікі. «Ці ўдасца гэтая гульня, пакуль не зразумела», – заявіў палітолаг.

Задача Лукашэнкі – увекавечыць дынастыю

Не чакае істотнага паглыблення інтэграцыі і расейскі палітолаг, намеснік дэкана факультэту сусветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў. Паводле яго, апошнія дзеянні Расеі накіраваныя на выпраўленне балансу Саюзнай дзяржавы.

Коля не ў школе, а Пуцін – у казцы! Сатырычнае шоу

«Расея якраз інтэграцыю ўсе гэтыя гады аплочвае, і, канечне, яна б хацела, каб улічваліся расейскія інтарэсы. У адказ яна атрымлівае, што павінна радавацца таму, што Беларусь называе сябе саюзнікам Расеі. І што гэтага Расеі хопіць», – заявіў ён.

Андрэй Суздальцаў мяркуе, што на палітычную інтэграцыю беларускае кіраўніцтва сёння негатовае катэгарычна. Таксама такая інтэграцыя патрабуе правядзення рэферэндумаў для рэфармавання Канстытуцый Беларусі і Расеі. Расейскае кіраўніцтва, лічыць суразмоўца, на гэта не пойдзе, бо баіцца магчымых наступстваў у выглядзе развалу краіны. А ў Аляксандра Лукашэнкі задача па рэфармаванні Канстытуцыі іншая – «увекавечванне ўлады дынастыі», падкрэсліў ён.

Бабіча паставілі на інтэграцыйную пасаду

Таксама палітолаг мяркуе, што не стыкуюцца палітычныя сістэмы Беларусі і Расеі. Апроч таго, існуюць і настроі народаў, якія не спрыяюць інтэграцыі, заявіў ён.

Таму, адзначыў Андрэй Суздальцаў, усе размовы звяліся да эканамічнай інтэграцыі, якая, на яго думку, паміж краінамі адсутнічае. Гэтак, дагэтуль не збудаваная адзіная мытная зона, няма сумесных карпарацый, а беларускі рынак закрываецца ад расейскага імпарту рознымі абмежаваннямі. Замест эканамічнай інтэграцыі існуюць толькі «датацыі, субсідыі і прэферэнцыі беларускай эканоміцы», заявіў расейскі эксперт.

Беларускі бок паспрабуе забалбатаць інтэграцыю

Паводле палітолага, адзінае, да чаго могуць прыйсці беларуска-расейскія камісіі, – гэта вывучыць саюзную дамову і прыняць дарожную мапу з датамі, тэрмінамі і іншым.

Інтэграцыйнае маўчанне

«Лукашэнка не супраць такой інтэграцыйнай дарожнай мапы. Не раз было ўжо, і ён пад кожны пункт атрымліваў авансам аграмадныя грошы і рэсурсы. Ён бы яшчэ гадоў 50 так мог інтэгравацца і атрымліваць рэсурсы», – адзначыў Андрэй Суздальцаў.

Навінкай мусіць стаць з’яўленне новага дакументу, у якім будзе прапісана, як выконваць дарожную мапу: ці будзе беларускі бок атрымліваць сродкі авансам за ўласнае рэфармаванне, ці па факце прыняцця нейкіх мераў: скасавання бар’ераў, збліжэння падатковай сістэмы з расейскай і гэтак далей.

«Мой прагноз такі: беларускі бок паспрабуе гэтую тэму забалбатаць, запатрабаваць белы ліст – дайце нам усё, а пасля мы падумаем. Запусціць зноў на год ці на два такі дыялог, атрымліваючы пакуль за гэты час новыя рэсурсы», – мяркуе палітолаг.

Інтэграцыя псуе імідж Беларусі

«Лукашэнка зрабіў памылку, калі ўсе яйкі паклаў у адзін кошык – так званай «братняй інтэграцыі»

Тым не менш, як лічыць Валер Карбалевіч, сам факт вядзення перамоваў аб Саюзнай дзяржаве вельмі моцна б’е па іміджы Беларусі. У прыватнасці, на яго думку, шмат якія кіраўнікі краінаў і замежныя інвестары задумваюцца, ці варта весці перамовы з Беларуссю, калі яе праз некалькі гадоў можа не стаць.

«Навошта рабіць інвестыцыі ў гэтую краіну, калі незразумела, якія тут будуць умовы, якая будзе валюта, якая будзе эканамічная палітыка», – падкрэсліў аналітык.

Пры гэтым ён сумняецца, што беларускія ўлады гэта разумеюць.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары