Валанцёры, якія дапамагаюць медыкам у Докшыцах: «Нашую сітуацыю ў іншых краінах расцанілі б як надзвычайнае здарэнне»

7 красавіка кіраўніцтва паліклінікі Докшыцкай цэнтральнай раённай больніцы паведаміла, што ў горадзе выявілі хворых на каронавірусную інфекцыю. Паводле мясцовых жыхароў, за гэты час сітуацыя пагоршылася, аднак ні медыкі, ні ўлады не дзеляцца актуальнай інфармацыяй пра пандэмію ў раёне.

На вуліцах Докшыцаў мінакі цяпер трапляюцца зрэдку. Ідуць галоўным чынам у крамы ды аптэкі. Праз тыдзень пасля выяўлення каронавіруса жыццё ў райцэнтры змянілася: большасць гараджанаў стараецца лішні раз не выходзіць з дому, хто бывае ў горадзе – карыстаецца маскамі

Паўпустыя вуліцы Докшыцаў, большасць людзей у масках. Фота: «Белсат»

Пенсіянерка – таксама ў масцы – спрабуе абысці нас на адлегласці, але, даведаўшыся, што мы журналісты, спыняецца:

«Людзі сталі свядомымі: ні моладзі, ні дзяцей у горадзе няма – усе ўдома сядзяць. На двары вельмі мала людзей цяпер, а хто выходзіць – усе ў масках. Можа, і не такі страшны вірус, але псіхалагічна цяжка, калі людзі хварэюць, паміраюць. Два мужчыны, якіх я ведала, памерлі. Школы да 20-га на канікулах. Мая дачка напісала да канца красавіка заяву, каб не вадзіць дзяцей. Але хто ведае, можа, далей яшчэ самы пік пачнецца».

Машына «хуткай» у Докшыцах. Фота: «Белсат»

Жанчына абураная, што ў горадзе не паведамляюць пра дакладную колькасць хворых на COVID-19, а ўся інфармацыя, якою валодаюць людзі, трапляе да іх выключна ад знаёмых у больніцы. Паводле жанчыны, улады зусім не кантралююць сітуацыі:

«Так баяцца за свае кармушкі, а людзі – як хочаце, так і выжывайце. Зайшла ў аптэку – парацэтамолу няма, няма пальчатак. Што гэта такое?! ХХІ стагоддзе! Проста ўсё ўнутры калоціцца, дажыліся. Пры дрэнным Савецкім Саюзе такога не было. Парацэтамол заўсёды быў і капеечным лічыўся. Я яшчэ разумею, што таблеткі нельга на гады закупіць, яны тэрмін маюць. Але пальчаткі? Яны не маюць тэрміну захоўвання, маскі таксама. Вось так і жывём. Што хочуць, тое і робяць. Столькі суботнікаў летась праводзілі, грошы вылічвалі, а дзе тыя грошы? Хоць бы забяспечылі гэтым мінімумам».

На адной з цэнтральных вуліц Докшыцаў мы сустракаем мужчыну сярэдняга веку, ён таксама ў масцы ды пальчатках, у бакавой кішэні торбы – антысептык:

«Хварэюць людзі. Казалі ў тэлевізары ды ў горадзе, каб хадзілі так – маска, пальчаткі, антысептык, каб трымалі дыстанцыю. Я прытрымліваюся гэтага. Я ўжо не малады. Трэба ахоўваць сябе, але не ўсе гэта пакуль разумеюць. Як толькі гэты вірус яшчэ ў Кітаі з’явіўся, я адразу ведаў, што так будзе», – гаворыць мужчына.

Апусцелыя вуліцы Докшыцаў. Фота: «Белсат»

Афіцыйнай інфармацыі няма з пачатку красавіка

Мясцовыя ўлады сітуацыю ў горадзе пакуль не каментуюць. Першая афіцыйная інфармацыя з больніцы з’явілася 8 красавіка ў раённай газеце. Тады паведамілі, што ў шпіталі на дзень 7 красавіка былі 85 чалавек з пнеўманіяй, аднак не ўдакладнялася, у колькіх хворых выявілі каронавірус. На фоне адсутнасці дакладнай інфармацыі ад уладаў у горадзе зʼяўляюцца чуткі, якія не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці:

«У нас горад маленькі, усе добра ведаюць адно аднаго. Можна шмат у каго са знаёмых спытаць. Адзінае, што калі інфармацыя з розных бакоў, то яна потым абрастае чуткамі і новымі фактамі. У нас тут адзін мужык памёр ад пнеўманіі, але пакуль ён ляжаў у больніцы, яго мясцовыя ўжо разы тры пахаваць паспелі», – дадае мужчына.

Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах, манахі якой захварэлі на пнеўманію. Фота: «Белсат»

Закранулі чуткі і мясцовы касцёл, манахаў якога некаторыя гараджане вінавацілі ў тым, што тыя прывезлі хваробу з Ватыкану. Аднак гэтую інфармацыю зняпраўджвае кусташ Беларускай кустодыі ордэну меншых братоў капуцынаў Алег Шэнда:

«Агульна ў Докшыцах сітуацыя невядомая, магчыма, нехта кажа пра тое, што крыніца заражэння – касцёл. Але што значыць «касцёл»? Яшчэ невядома, ці быў у касцёле вірус. Нават калі вірус нейкім чынам у касцёле перадаваўся, то адкуль ён туды трапіў? Можа быць, што і нехта з гораду яго прынёс. Гучала інфармацыя, што нехта з Ватыкану прывёз, але ў Ватыкане даўно ніхто не быў. І нават проста за мяжой ужо больш за месяц ніхто не быў. Апошнія тыдні – дакладна ніхто».

Цяпер манахі парафіі застаюцца ў ізаляцыі ды не кантактуюць з прыхаджанамі, аднак дзверы касцёлу ў Докшыцах па-ранейшаму адчыненыя для вернікаў штодня.

Цэнтральная раённая больніца ў Докшыцах. Фота: «Белсат»

Хворыя на пнеўманію і каронавірусную інфекцыю ляжаць у Докшыцкай цэнтральнай раённай больніцы. Мясцовы жыхар, спадар Аляксандр, спаслаўшыся на знаёмых медыкаў, пра становішча ў ёй распавядае наступнае:

«Двое медработнікаў цяпер ляжаць у цяжкім стане. Адна з іх тэрапеўт, сталага веку жанчына. За дзень на прыём прыходзіць ад 90 да 120 чалавек. Натуральна, сярод іх ёсць і тыя, што проста паніцы паддаюцца. Але хворых на пнеўманію ўжо каля 130 чалавек мінімум. Як сказала медсястра, хто трапіў на вентыляцыю – лічы, у адзін бок. Ужо памерлі 7 чалавек, але колькі з іх былі з каронавірусам, ніхто не ведае».

Фота: «Белсат»

Людзі баяцца называць свае імёны і не хочуць, каб іх фатаграфавалі, аднак нярэдка згаджаюцца на ананімную размову:

«Паміраюць ад пнеўманіі, але чым яна выкліканая – гэта пытанне. У больніцы знаёмыя гавораць, што ёсць каронавірус, некаторыя пацверджаныя. Але медыкі самі не давяраюць гэтым тэстам. Так мне гавораць медыкі. Прыйшло ўказанне ўсім, у каго COVID-19, пісаць «пнеўманія». Спачатку санстанцыя ведае пра тэсты, яны гавораць у райвыканкам, а райвыканкам ужо вырашае, якую інфармацыю падаваць. То бок людзі ў больніцы самі могуць не ведаць», – гаворыць іншы мужчына.

Докшыцы, 13 красавіка 2020 г. Фота: «Белсат»

У Докшыцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі каментаваць сітуацыю з каронавірусам у мясцовай больніцы адмовіліся: «На жаль, мы не можам пракаментаваць сітуацыі, выбачайце, у нас шмат працы, мы працуем нястомна. У ЦРБ звяртайцеся». Галоўны доктар мясцовай ЦРБ цягам дня не быў дасяжны праз працоўны тэлефон.

Інфармацыю пра становішча ў больніцы пацвярджаюць і валанцёры, якія дапамагаюць медыкам у Докшыцах:

«Цэнтральная раённая больніца Докшыцаў ужо даўно практычна перапоўненая. У ёй застаюцца таксама ў ізаляцыі і дактары, якія забяспечваюць лячэнне пацыентаў з каронавірусам. Больніца ўся перапрафіляваная, там усе пад пнеўманіяй. Ёсць пацыенты інтубаваныя, на штучнай вентыляцыі лёгкіх, ёсць пацыенты з падачай кіслароду, у тым ліку і медперсанал хварэе. У горадзе сітуацыя такая, якую ў іншых краінах расцанілі б як надзвычайнае здарэнне», – гаворыць валанцёрка Ірына Траццякова, якая збірае сродкі на дапамогу медыкам у Віцебскай вобласці.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, якія агучылі на брыфінгу 14 красавіка, у Віцебскай вобласці на каронавірусную інфекцыю хварэюць 848 асобаў. Падрабязнай інфармацыі па асобных раёнах вобласці ведамства не дае.

Докшыцы, 13 красавіка 2020 г. Фота: «Белсат»

Віктар Старавойтаў belsat.eu

Hавiны