Валанцёры паведамляюць пра 360 затрыманых на Маршы волі, восем чалавек шпіталізаваныя

Валанцёры паведамляюць пра 360 затрыманых на нядзельным маршы 6 снежня, у спісах праваабарончага цэнтру «Вясна» – 322 прозвішча.

Сярод затрыманых учора – музыка Уладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, намеснік дэкана БДТУ Раман Азарчык, лекар Артур Ермаркевіч, 79-гадовая Ларыса Соўсь – маці журналісткі Ганны Соўсь (жанчыну пазней адпусцілі), 13-гадовая навучэнка гімназіі.

Затрымалі таксама двух сыноў былога прэс-сакратара МУС Дзмітрыя Партона. У сям’і «Нашай ніве» патлумачылі, што хлопцы проста ішлі на стаянку, калі іх схапілі сілавікі.

Валанцёры паведамляюць, што восем затрыманых з РУУСаў забрала хуткая дапамога. Вікенцій Ліхтаровіч быў шпіталізаваны з агнястрэльным раненнем.

У 120-ы дзень паслявыбарных акцыяў удзельнікі збіраліся ў сваіх дварах і рушылі па самастойна вызначаных маршрутах. Супраць дэманстрантаў ужываліся спецсродкі, былі чуваць стрэлы.

Для застрашвання выкарыстоўвалі ў гэты раз нават службовых сабак.

Hавiны