Валанцёра штабу Віктара Бабарыкі затрымалі, збілі ды шыюць крымінальную справу


Былы праграміст, а цяпер уладальнік школы танцаў Ігар Ярмолаў улетку далучыўся да штабу Віктара Бабарыкі. Мужчына збіраў подпісы за кандыдата ў Кастрычніцкім раёне сталіцы. Цяпер Ігар у СІЗА КДБ – яго, як і іншых чальцоў штабу Бабарыкі, абвінавачваюць у арганізацыі масавых закалотаў.

Валанцёр штабу Бабарыкі Ігар Ярмолаў, які зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Фота: архіў героя

Лёгкі і паспяховы чалавек

Ігар Ярмолаў нарадзіўся ў Горадні, скончыў тэхнічную спецыяльнасць, працаваў некалькі гадоў у буйной IT-кампаніі. Займаўся танцамі. Хобі настолькі яго захапіла, што ён кінуў асноўную працу і арганізаваў сваю школу танцаў.

«Ён – гэта лёгкі і паспяховы чалавек без праблем у жыцці, з шчаслівай і інтэлігентнай сям’і. Было ўражанне, што ён не сутыкаўся з праблемамі ў сваім жыцці. Калі ён далучыўся да штабу Бабарыкі, то хіба думаў, што ўсё будзе вельмі лёгка і ў прававым полі», – кажа сябра мужчыны Вадзім.

Аднак Ігар даволі моцна памыляўся. Ужо пасля выбараў, 12 жніўня, яго затрымалі ва ўласнай кватэры. Мужчыну моцна збілі. Знайсці яго атрымалася не адразу.

«Два дні мы шукалі сына, пасля таго, як ён перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня ад 18:40. Раніцай наступнага дня мы сталі тэлефанаваць па ўсіх наяўных у нас тэлефонах для высвятлення інфармацыі пра затрыманых. Тэлефоны РАУСаў і турмаў былі занятыя ўвесь дзень, або на іх не адказвалі. Падключыліся да пошуку сябры Ігара. Яны паведамілі, што паводле суседзяў яго забралі з кватэры невядомыя людзі», – кажа матуля Ігара Святлана Ярмолава.

Валанцёр штабу Бабарыкі Ігар Ярмолаў, які зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Фота: архіў героя

Збівалі і ціснулі псіхалагічна

Высветлілася, што Ігара вельмі моцна збілі пры затрыманні.

«Да яго ў кватэру, узламаўшы дзверы, уварваліся невядомыя бандыты. Загадаўшы легчы яму на падлогу, накінулі на галаву першае, што трапілася пад рукі з рэчаў. Гэта былі шорты. І пачалі жорстка збіваць нагамі. На пытанне бацькі ці моцна білі, ён адказаў: «Білі нармальна, тата». У яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, зламанае рабро, цяжкія ўдары грудной клеткі і брушной поласці, гематомы на руках, нагах і па ўсім целе», – распавядаюць блізкія мужчыны.

Таксама на яго моцна ціснулі псіхалагічна. Калі ён знаходзіўся ў лякарні КДБ, да Ігара не пускалі адвакатаў і блізкіх. Каля палаты пастаянна пільнавалі людзі ў цывільным. Блізкія мяркуюць, што Ігара нездарма затрымалі менавіта ў хаце.

«Там яны маглі моцна яго збіць. Аніхто б не пабачыў. На працы ёсць калегі, на вуліцы – мінакі. А тут нейтральная тэрыторыя. Аніхто нічога не бачыў. Яшчэ і ёсць адмазка – маўляў, ён аказваў супраціў», – падкрэслівае Вадзім.

Зараз Ігара Ярмолава разам з іншымі валанцёрамі штабу Бабарыкі абвінавачваюць паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу – арганізацыя масавых закалотаў. Ягоная сям’я разам з адвакатамі намагаецца прыцягнуць увагу да справы Ігара. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ і адносна няблага сябе пачувае. У дачынені да яго яшчэ не высунутае абвінавачванне.

Цяпер сярод валанцёраў аб’яднанага штабу затрыманыя 11 чалавек. Усіх іх абвінавачваюць паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу – арганізацыя масавых закалотаў.

20 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заяваю аб прызнанні актывістаў са штабоў Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай палітычнымі зняволенымі.

«Мы ацэньваем пераслед актывістаў, якія былі затрыманыя ў якасці падазраваных па арт. 293 КК (масавыя закалоты), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта», – гаворыцца ў заяве.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў