Вакзалы прадаюць апошнія аўтобусныя білеты ў Літву і Украіну. Рэйсы ў Польшчу і Латвію адмененыя


І хаця Польшча не адмяніла пасажырскія аўтаперавозкі на час каранціну, аўтобусныя кампаніі па ўласнай ініцыятыве адмянілі ўсе рэйсы ў гэтую краіну. Ілюстратыўнае фота – Michal Kosc / Forum

У сувязі з каранцінам у Латвіі, Літве, Польшчы і Украіне беларускія аўтавакзалы спыняюць продаж квіткоў па гэтых напрамках.

У даведцы міжнародных касаў Цэнтральнага аўтавакзалу Менску «Белсату» паведамілі, што там можна набыць толькі білеты на апошнія два рэйсы да Вільні – на 20:00 15 сакавіка і 6:30 16 сакавіка.

Білеты на аўтобусы ў Расею – Маскву і Санкт-Пецярбург – можна набыць без абмежаванняў.
Санітарны кантроль на польска-літоўскай мяжы падчас каранціну ажыццяўляюць працаўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы і пажарныя. Ілюстратыўнае фота – Michal Kosc / Forum

У даведцы берасцейскага аўтавакзалу «Белсату» распавялі, што ў продажы ёсць яшчэ некалькі дзясяткаў білетаў у розныя ўкраінскія гарады на сёння і заўтра.

«У Польшчу бліжэйшыя дзесяць дзён білеты прадаваць не будзем у сувязі з каранцінам у гэтай краіне», – распавялі на вакзале.

Гарадзенскі аўтавакзал ужо не прадае білеты на рэйсы ў Польшчу, з заўтрашняга дня адмяняюцца рэйсы ў Літву. Апошнія аўтобусы ў Вільню адправяцца з Горадні сёння а 18:30 і а 19:00.

МЗС Беларусі падае, што ў Беларусь з Польшчы можна будзе вярнуцца вечаровым рэйсам у нядзелю, або дзвюма рэйсамі панядзелак – раніцай і увечары.

  • У сувязі з сітуацыяй, выкліканай каронавірусім COVID-19, усе суседзі Беларусі, апроч Расеі, увялі каранцін і заявілі аб тым, што забароняць уезд на сваю тэрыторыю замежнікаў. Пасля гэтага аўтакампаніі пачалі адмяняць рэйсы ўва ўсе гэтыя краіны. Раней рэйсы ў Малдову і Украіну скасавала таксама Беларуская чыгунка. 15 сакавіка БЧ паведаміла аб часовым скасаванні пасажырскіх цягнікоў у Літву і Латвію.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў