Вайсковая аперацыя замест АТА: Мінабароны Украіны не выключае наступу на Данбасе


Кіраўнік украінскага Мінабароны Сцяпан Палтарак не выключае пачатку наступу ўкраінскай арміі на Данбасе пасля завяршэння антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) 30 красавіка.

Нагадаем, што з 30 красавіка ўрад Украіны мяняе фармат АТА на ўсходзе краіны на вайсковую Аперацыю аб’яднаных сілаў (ААС). 13 красавіка перафарматаванне АТА анансаваў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Змена статусу аперацыі была заканадаўча замацаваная ў законе аб рэінтэграцыі Данбасу.

Пасля пачатку ААС на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў пачне дзейнічаць адмысловы парадак. Адпаведнае распараджэнне можа ўступіць у сілу ўжо ў панядзелак. Згодна з дакументам, органам бяспекі прадстаўляецца шэраг спецыяльных паўнамоцтваў: у прыватнасці, вайскоўцы і супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць «у выпадку крайняй неабходнасці» ужываць зброю і спецсродкі ў дачыненні да правапарушальнікаў.

«Мы не выключаем, што калі фармат аперацыі зменіцца, колькасць правакацыяў толькі вырасце», – заявіў прадстаўнік данецкіх сепаратыстаў Эдуард Басурын.

Аперацыі аб’яднаных сілаў падпарадкоўваюцца не толькі вайскоўцы УС, але і ўсе сілавыя структуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў (МУС, Нацпаліцыя). Акрамя таго, згодна з законам, камандуючы Абʼяднаных сілаў удзельнічае ў разгортванні і «распрацоўцы планаў дзеянняў на выпадак непрадбачаных абставінаў для ВСУ і сіл абароны», піша ўкраінскае выданне unian.net.

Па стане на 2 красавіка колькасць удзельнікаў АТА складала 329 500 чалавек.

ЮВ, belsat.eu, паводле dw.com, unian.net

Глядзі таксама
Каментары