Вайскоўцы выходзяць, бізнесоўцы заходзяць. Як Расея збіраецца зарабляць у Сірыі


Расейскія кампаніі хочуць здабываць у Сірыі карысныя выкапні ды зарабляць на адбудове краіны.

У Маскве разлічваюць на супольныя праекты ў нафтаздабычы, будове электрастанцыяў, аднаўленні чыгункі і аўтамабільных дарог.

«Мы будзем сумесна з сірыйцамі зарабляць, а сірыйскі бок сваю частку будзе ўкладаць у аднаўленне эканомікі», – заяўляе віцэ-прэм’ер Расеі Дзмітрый Рагозін.

Адкрытым для расейцаў застаецца пытанне бяспекі. Эксперт Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў кажа выданню «КоммерсантЪ», што цяпер там змогуць працаваць толькі дзяржаўныя кампаніі.

Перш за ўсё, гэта «Ростех», які даволі блізкі да сілавога блоку і зможа даволі лёгка дамовіцца з вайскоўцамі аб бяспецы працы. Кампанія цалкам можа будаваць нафтаперапрацоўчыя заводы. У газавай сферы, натуральна, да працы можа падлучыцца «Газпром». У нафтавай – «Роснефть», – кажа Юшкоў.

Расейскі бізнес ужо супрацоўнічае з урадам Сірыі: падкантрольны Генадзю Цімчанка «Стройтрансгаз» распрацоўвае ў арабскай рэспубліцы фасфатныя радовішчы.

Пра планы расейскага бізнесу стала вядома пасля рашэння Пуціна вывесці з Сірыі частку вайсковага кантынгенту.

Скарачаюць базу ў Хмейміме – пашыраюць у Тартусе

Праз два дні пасля загаду Пуціна стала вядома, што Расея створыць у Сірыі паўнавартасную ваенна-марскую базу, якая зможа прыняць караблі першага рангу – водазмяшчэннем больш за 10 тысячаў тонаў.

Агнешка Легуцка, экспертка Польскага інстытуту міжнародных справаў, прафесар універсітэту «Vistula» заяўляе, што прысутнасць Расеі на Блізкім Усходзе стала магчымай праз слабасць блізкаўсходняй палітыкі Захаду – перадусім немагчымасці Барака Оўбамы даць рады праблеме грамадзянскай вайны ў Сірыі і вырашыцца, на чыім баку стаць.

«Спачатку наступіла фіяска ў спробах стабілізаваць сітуацыю ў Іраку, а цяпер з’явіліся цяжкасці ў стабілізацыі Афганістану. Захад адтуль выходзіць – і гэта адразу выкарыстоўвае Расея. Нельга сказаць, што Расея становіцца мацнейшай – у глабальным маштабе яна хутчэй становіцца слабейшай, але бачыць месцы, куды можа актыўна ўвайсці», – заяўляе Агнешка Легуцка.

Такімі месцамі эксперты называюць Афганістан і Паўночную Афрыку. Пасля наведвання Сірыі Пуцін паляцеў у Егіпет, што выклікала спекуляцыі наконт вайсковай базы над Нілам.

«Элементам гандлю Крамля з Егіптам могуць быць розныя аспекты: нават да таго, што Егіпет будзе вырашаць пытанне з вяртаннем расейскіх турыстаў на свае курорты», – кажа Уладзімір Копчак з Цэнтру даследаванняў войска, канверсіі і раззбраення (Кіеў).

Ці з’явяцца ў Сірыі беларусы?

Калі Расея пераключыцца на іншыя пункты на мапе рэгіёну, дапамагаць стабілізаваць сітуацыю ў Сірыі могуць беларусы.

«Сігнал з Масквы аб жаданні ўвесці ў сірыйскія зоны эскалацыі міратворчы кантынгент АДКБ выглядае сімптаматычным», – сцвярджае Копчак.

Пра вялікую імавернасць таго, што ў Сірыі апынуцца беларускія міратворцы, вайсковы эксперт Аляксандр Алесін заяўляў яшчэ ў красавіку.

Беларусь ужо была гатовая адправіць міратворцаў на Данбас, але Кіеў не пагадзіўся. Удзел беларусаў у міратворчай місіі ў Сірыі Аляксандр Лукашэнка (паводле беларускага заканадаўства, даць дазвол на гэта павінен кіраўнік дзяржавы) пакуль не каментуе.

Матэрыял Дзяніса Дзюбы «На Блізкім Усходзе – маскоўскі час» упершыню выйшаў у эфір 15 снежня ў праграме «ПраСвет»

Стужка навінаў