Вайскоўцы «падарылі» берасцейцам дзіўны помнік расейскага дэсантніка


У Берасці з’явіўся помнік выдуманаму расейскаму персанажу, дэсантніку Сцёпачкіну. Яго ўсталявалі яшчэ ў мінулыя выходныя на дзень гораду ў парку адпачынку імя 1 траўня.

Дэсантнік Сцёпачкін – персанаж з мультфільму Цімура Курбаналіева пра падлетка, які выправіўся ў дэсантнікі, употай ад маці і ваенкамату. Паступова герой становіцца сапраўдным дэсантнікам і нават перамагае на спаборніцтвах узброеныя сілы ЗША.

Сайт берасцейскага гарвыканкаму называе гэтую скульптуру падарункам берасцейцам ад дэсантнікаў Расеі ды Беларусі.

Ініцыятыва ўсталяваць скульптуру належыць генерал-маёру расейскай арміі Аляксандру Куліку. На адкрыцці помніка прысутнічаў старшыня камітэту па абароне Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расейскай Федэрацыі VII склікання Уладзімір Шаманаў.

Дэсантнік Сцёпачкін, што самавольна прызваўся ў войска і стаў расейскім героем

Вядома, што Шаманаў быў удзельнікам баявых дзеянняў пад час карабахскага канфлікту, ваяваў на баку Азербайджана. Шаманаў (сябра партыі «Единая Россия») таксама кіраваў вайсковымі аперацыямі падчас вайны ў Чачэніі, узначальваў аперацыю па акупацыі Абхазіі.

Адзначым, што берасцейскія дэсантнікі з 38-ай гвардзейскай дэсантна–штурмавой брыгады рэгулярна ўдзельнічаюць у сумесных вучэннях з расейскімі калегамі, у тым ліку з тымі, хто ваяваў ва Украіне.

Шмат пра што кажа і біяграфія аўтара скульптуры Аляксея Чумакова. Ён нарадзіўся ў расейскім Орску. Скончыў Ленінградскае нахімаўскага ваенна-марское вучылішча, пазней Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча і пасля вучобы быў размеркаваны на службу ў Севастопаль. Працягвае лічыць сябе грамадзянінам СССР. Жыве ў Берасці.

Паводле сюжэту Сцёпачкін пры дапамозе адмысловай кашы пераўтварыўся ў сапраўднага дэсантніка

Расейскі след ёсць і ў карʼеры кіраўніка Берасця Аляксандра Рагачука. Ён скончыў Курганскае вышэйшае ваенна-палітычнае авіяцыйнае вучылішча. І менавіта Рагачук даў згоду на ўстаноўку ў берасцейскім парку імя 1 траўня гэтай сумнеўнай скульптуры.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў