Вайна снайпераў: канадскі баец забіў праціўніка на рэкорднай адлегласці


Баец элітнага падраздзялення канадскай арміі зрабіў трапны стрэл з вінтоўкі на найбольшую ў ваеннай гісторыі адлегласць – 3.540 метраў – і забіў баевіка-ісламіста, піша газета «The globe and mail».

«Канадскае камандаванне спецыяльных аперацый можа пацвердзіць, што чалец «Joint Task Force 2» паспяхова патрапіў у цэль на адлегласці 3,540 метраў», – гаворыцца ў афіцыйнскім паведамленні канадскіх узброеных сіл.

«Joint Task Force 2» («Абʼяднаная аперацыйная група 2») – засакрэчанае падраздзяленне, якое займаецца перш за ўсё антытэрарыстычнымі аперацыямі, ратаваннем закладнікаў, дапамогай сваім войскам і войскам хаўруснікаў. З 2014 году, як лічыцца, яна займаецца спецыяльнай падрыхтоўкай і прыкрыццём іракскіх войск і курдскіх фарміраванняў, якія вядуць змаганне з ісламістамі.

«Каб захавяць у сакрэце інфармацыю аб аперацыях і бяспеку асабовага складу нашых і кааліцыйных сіл, мы не абмяркоўваем падрабязнасці месца і часу падзеі», – паведамілі вайскоўцы.

Сакрэтны стрэл

Вядома тое, што стрэл адбыўся ў Іраку, а снайпер выкарыстоўваў буйнакаліберную вінтоўку «McMillan Tac-50» калібру 12,7 мм, якая адрозніваецца вельмі трапнай стральбой. Яе выкарыстоўваюць таксама французскія камандас, спецыяльныя падраздзяленні ЗША, Ізраіля, Турцыі, Іярданіі, Грузіі, Паўднёвай Афрыцы.

Гэтым стрэлам баец перадухіліў напад ісламістаў на іракскія сілы бяспекі. Дапамогу падчас стрэлу ажыццяўляў назіральнік, які працуе ў пары са снайперам.

Вінтоўка McMillan Tac-50А1. Фота з сайта вытворцы mcmillanfirearms.com.

Снайпер страляў з вышыні, і кулі спатрэбілася некалькі секундаў, каб трапіць у цэль. Пры гэтым, улічваючы адлегласць, давялося ўлічваць не толькі вецер і іншыя ўмовы надворʼя, але нават і крывізну Зямлі.

Крыніцы ў канадскім войску кажуць, што існуе фота і відэа, якія фіксуюць рэкорд, аднак яны не раскрываюцца па вышэйзгаданых прычынах.

Папярэдні падобны рэкорд паставіў брытанскі снайпер Крэйг Харысан, які ліквідаваў кулямётчыка з ісламісцкага руху Талібан у Аўганістане з 2.475 метраў у 2009 годзе.

 

Курдскі снайпер з буйнакалібернай вінтоўкай вядзе агонь па ісламістах.

Канадскія камандас не павінны ўдзельнічаць у непасрэдных баях з праціўнікам, аднак ім дазваляецца зʼяўляцца на перадавой. Таксама яны часта зʼяўляюцца наводчыкамі авіяўдараў самалётаў кааліцыі па ісламістах.

Снайперы ісламістаў і расейскія прыцэлы

Па паведамленнях прэсы, ісламісты таксама часта выкарыстоўваюць снайпераў, асабліва ў гарадскіх баях. Імі выкарыстоўваюцца як старыя савецкія вінтоўкі СВД, гэтак і больш сучасныя ўзоры зброі, якія маглі патрапіць да іх праз нелегальныя пастаўкі ці ў якасці трафеяў ад іракскай, сірыйскай ці іншых арміяў.

Расейскія СМІ пісалі, што снайперы ісламісцкіх груповак «Ісламская дзяржава» і «Джабхат ан-Нусра» у Сірыі выкарыстоўваюць у баях прыцэлы расейскай вытворчасці, якія не паступалі ў вольны продаж.

Снайпер «ІД». Кадр з прапагандысцкага відэа групоўкі. zerocensorship.com

Прадстаўнікі расейскай прамысловасці і сілавых структур не каментуюць сітуацыю ці кажуць, што не ведаюць, як прыцэлы з расейскімі камплектуючымі патрапілі да ісламістаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў