Ваеннае становішча ў Польшчы: як гэта было. Ці пойдзе Лукашэнка дарогаю Ярузэльскага?

Беларуская рэчаіснасць вельмі нагадвае польскія падзеі амаль 40-гадовае даўніны.

13 снежня 1981 года кіраўнік камуністычнай Польскай Народнай Рэспублікі (Polska Rzeczpospolita Ludowa) генерал Войцех Ярузэльскі абвесціў суайчыннікам праз радыё і тэлебачанне, што ва ўсёй краіне ўводзіцца ваеннае становішча.

Зомаўцы рыхтуюцца да штурму сядзібы «Салідарнасці» у Лодзі 13 снежня 1981 года.
Фота: Instytut Pamięci Narodowej / ipn.gov.pl

Пастанову вынесла ўночы наваспечаная і зусім не канстытуцыйная Вайсковая Рада Нацыянальнага Выратавання (Wojskowa Rada Ocalenia Narodowego), што ў гэтую ж ноч і паўстала.

У сваёй прамове Ярузэльскі казаў пра пагрозу распаду краіны, пра ворагаў і патрэбу стабілізаваць сітуацыю – маўляў, вярнуць парадак.

Intermarium
Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?
2020.09.27 22:45

Стабілізаваць сітуацыю даручылі байцам гэтак званага Матарызаванага падтрымання грамадзянскай міліцыі (Zmotoryzowane Odwody Milicji Obywatelskiej, ZOMO). Яны нават мелі свае аўтазакі, якія палякі называлі «зомаўскімі будамі».

Вайсковая тэхніка на вуліцах Кракава, 29–30 студзеня 1981 года.
Фота: Instytut Pamięci Narodowej / ipn.gov.pl

Пачалі масавыя арыштоўваць і затрымліваць дзеячаў і людзей, звязаных з незалежным прафзвязам «Салідарнасць», што да таго часу паспеў скалыхнуць усю Польшчу, змушаючы ўлады да паразумення з рабочымі-забастоўнікамі польскіх прадпрыемстваў у жніўні 1980 года (жнівенскія паразуменні).

Але, як выявілася, для польскіх камуністаў гэта была толькі спроба выйграць час. Канчаткова «задушыць» пратэсты і забастоўкі рабочых мелася ваеннае становішча. Брутальнасць і «актыўнасць» зомаўцаў давала плён – ужо да канца снежня 1981 года рэпрэсавалі больш за 5 тысяч чалавек. Рабочыя ў Гданьску (легендарная Гданьская карабельня імя Леніна), Шчэціне, Кракаве, Любліне і Катавіцах распачалі пратэсты. Найбольшы адпор зомаўцам і сілам бяспекі давалі ў тыя дні польскія шахцёры, некаторым за свабоду давялося загінуць. 16 снежня зомаўцы пачалі страляць па рабочых шахты «Вуек» (Wujek, «дзядзька») у Катавіцах. Забілі дзевяць шахцёраў.

Танкі ў раёне Гданьскае карабельні імя Леніна 13 снежня 1981 года.
Фота: Instytut Pamięci Narodowej / ipn.gov.pl

13 снежня палякі апынуліся ў зусім іншай рэчаіснасці. Забаронены выезд за мяжу, прыпынены рух цягнікоў. Улады адмянілі заняткі ў школах і ўніверсітэтах, забаранілі ўсялякія пікеты, пратэсты і страйкі. Прыпынілі дзейнасць прафзвязаў, грамадскіх арганізацыяў. Зачынілі ўсе газеты, акрамя дзвюх дзяржаўных. Некалькі дзясяткаў тысячаў рэзервістаў забралі ў войска, а васковых камісараў скіравалі ва ўсе дзяржаўныя інстытуцыі ды найбуйнейшыя прадпрыемствы краіны. За працаю рабочых у Польшчы пачалі назіраць вайскоўцы і чэкісты.

Ва ўсёй краіне ўсталявалі каменданцкі час, напачатку – з 19:00 да 6:00, а пазней – з 22:00.

Увялі татальную цэнзуру, нават прыватнае карэспандэнцыі. Без дазволу мясцовых уладаў нельга было пераехаць з аднаго гораду ў іншы. У гэткай збольшага рэчаіснасці палякам давялося жыць да 31 снежня 1982 года, калі ўлады прыпынілі ваеннае становішча. Канчаткова яго скасавалі пазней, праз паўгода.

У гэтым часе рэпрэсавалі больш за 10 тысяч чалавек, загінула каля 40.

Паводле адных крыніцаў, Ярузэльскі баяўся інтэрвенцыі ў Польшчы савецкіх войскаў (а Польшча была часткаю Варшаўскае дамовы). Але іншыя крыніцы кажуць, што менавіта Ярузэльскі звяртаўся ў Маскву з просьбаю пра вайсковае ўмяшанне, толькі там палічылі, што рызыкі занадта вялікія і не хацелі правакаваць чарговага паўстання палякаў.

Дэманстрацыя «Салідарнасці» з мая 1982 года.
Фота: Instytut Pamięci Narodowej / ipn.gov.pl

Рэчаіснасць была, аднак, менш канспіралагічнаю. Забастоўкі рабочых паглыбілі і без таго складаную эканамічную сітуацыю ў Польшчы. Ваенным становішчам Ярузэльскаму ўдалося «стабілізаваць» сітуацыю на вуліцах і на прадпрыемствах, паглыбляючы пры гэтым праблемы эканомікі. Сітуацыя пагаршалася, былі карткі і дэфіцыт тавараў.

Свабода прыйшла толькі ў 1989 годзе. Ярузэльскі і ягонае атачэнне зразумелі, што без перамоваў будучыні не будзе не толькі ў Польшчы, але і ў іх персанальна. Спачатку камуністы селі за круглы стол, пазней правялі часткова свабодныя выбары ў Сейм і дазволілі апазіцыі стварыць урад, а наступным годам ужо адбыліся першыя свабодныя выбары прэзідэнта.

Разгон пратэстаў «Салідарнасці» 3 мая 1982 года.
Фота: Instytut Pamięci Narodowej / ipn.gov.pl

Дзякуючы гэтаму Ярузэльскі захаваў жыццё і бяспечную будучыну сваім родным. Памер ён у Варшаве ў 2014 годзе, а ягоную дачку Моніку Ярузэльскую сёння ведае амаль кожны паляк. Яна часты госць папулярных праграмаў, часта размаўляе з прэсаю. Ужо некалькі гадоў вядзе блог на Youtube і публікуе там свае інтэрв’ю з вядомымі польскімі палітыкамі, журналістамі, зоркамі ды грамадскімі дзеячамі.

Колькі месяцаў (або гадоў) яшчэ пратрымаецца рэжым Лукашэнкі, перш чым улады сядуць за стол перамоваў, і што будзе рабіць Мікалай Лукашэнка ў новай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў