Вада «Славная» выбачаецца за сэксісцкую рэкламу і недахоп вады на паўмарафоне


На старонцы Facebook брэнду пітной вады «Славная» зʼявілася публікацыя з выбачэннем за рэкламны фотаздымак жанчыны, якая стаіць на каленях і мужчынская рука лье на яе ваду. Кампанія назвала свае дзеянні ў сацсетках «атракцыёнам smm-глупства», а таксама прызнала, што на Менскім паўмарафоне сапраўды былі праблемы з вадой.

Фотаздымак, які выклікаў абурэнне ў шматлікіх карыстальнікаў сацсетак, быў выдалены неўзабаве пасля публікацыі. Выдаляліся таксама і негатыўныя каментары.

Пасля таго, як карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі актыўнае абмеркаванне і сталі публічна адмаўляцца ад прадуктаў брэнду, кампанія выбачылася за дзеянні свайго падрадчыка, які мае кіруе сацыяльнымі сеткамі вады «Славнай». У той жа час, яны пішуць, што не перакладаюць усю віну на аднаго чалавека, «бо мы выбралі яго самі і нясем цалкам адказнасць за яго дзеянні».

Пітная вада «Славная» была адным са спонсараў Менскага паўмарафону-2017, на якім заўважна не хапала вады. Не хапала бутэлек і кубачкаў, некаторыя бегуны атрымлівалі на дыстанцыі моцнагазаваную ваду «Славная», некаторым вады зусім не хапіла.

Па тэме: 

«У сітуацыі з дрэнна наладжанай сістэмай раздачы вады на марафоне таксама ёсць наша віна – мы маглі лепш кантраляваць арганізатараў і прасачыць за тым, як яны выкарыстоўваюць спонсарскую дапамогу. Агрэсіўныя і няўдалыя адказы ў сацыяльных сетках цалкам непрымальныя. Мы паважаем свайго пакупніка, не гледзячы на крытыку, якой мы ў гэтым выпадку вартыя», – напісана на старонцы вады «Славная».

 

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў