Ва ўрадзе распавялі, колькі беларусаў атрымліваюць сацыяльную пенсію замест працоўнай


Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў падчас онлайн-канферэнцыі на сайце Мінпрацы паведаміў, што каля 3,5 тысяч беларусаў праз недахоп стажу працы не атрымліваюць працоўную пенсію. Замест гэтага дзяржава плаціць ім сацыяльныя пенсіі – каля 112 рублёў.

«Такіх пенсіянераў 3,5 тыс. чалавек. У цэлым хацелася б адзначыць, што памер пенсіяў залежыць ад працягласці працоўнага стажу і ўзроўню заробку, з якога выплачаны страхавыя ўнёскі. Гэта значыць, аб’ём удзелу грамадзяніна на легальным рынку працы вызначае яго будучае пенсійнае забеспячэнне», – падкрэсліў ён.

Кавалькоў дадаў, што міністэрствам «прымаецца шэраг мераў па стымуляванні легальнай працоўнай дзейнасці»: «Гэта, у прыватнасці, аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні, вядзенне агульнарэспубліканскага банка вакансіяў, інфармаванне пра важнасць выплаты страхавых узносаў і шэраг іншых».

Нагадаем, грамадзяне, у якіх недастаткова стажу для атрымання пенсіі па ўзросту, маюць права на сацыяльную пенсію: мужчыны – з 65 гадоў, жанчыны – з 60 гадоў. Памер такой пенсіі – 50% ад бюджэту пражыткавага мінімуму.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў