Ва ўрадзе Арменіі зняпраўдзілі адстаўку в.а. прэм'ера Карапецяна


Прэс-сакратар прэмʼер-міністра Арменіі Арам Арарацян зняпраўдзіў паведамленні пра адстаўку выконваючага абавязкі прэмʼер-міністра Карэна Карапецяна.

«Паведамленні аб адстаўцы Карапецяна не адпавядаюць рэчаіснасці», – напісаў прэс-сакратар у сваім «Facebook’у».



Раней пра адстаўку Карэна Карапецяна паведаміў апазіцыйны палітык Арарат Мірзаян.

Нагадаем, што 17 красавіка парламент Арменіі абраў экс-прэзідэнта Сержа Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра. А 23 красавіка пасля шматдзённых акцыяў пратэсту апазіцыі ён падаў у адстаўку.

У гэты ж дзень выконваючым абавязкі прэмʼера быў прызначаны першы віцэ-прэмʼер Арменіі Карапецян.

Пасля адстаўкі Саргсьяна пратэсты не спыніліся. 25 красавіка прыхільнікі апазіцынага руху «Елк» перакрылі галоўныя вуліцы Ерэвану, ствараючы аўтамабільныя коркі. Паліцыя сцягвае ў цэнтр гораду спецтэхніку.

На месцы працуе здымачная група «Белсату».

Апазіцыя хоча, каб у адстаўку сышлі ўсе прадстаўнікі кіруючай Рэспубліканскай партыі, у тым ліку Карапецян.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў