Паліцыя разагнала ўдзельнікаў акцыі супраць рэжыму ізаляцыі ва Уладзікаўказе

Сілавікі разагналі сход жыхароў Уладзікаўказу, якія выйшлі на акцыю пратэсту. Мітынгоўцы абураныя рэжымам ізаляцыі, праз які многія страцілі працу, піша «МБХ медиа».

Каля дому ўраду ва Уладзікаўказе адбылася акцыя пратэсту. На мітынг выйшлі каля двух тысячаў чалавек. Людзі незадаволеныя недахопам інфармацыі вакол захворванняў каронавірусам. Абурэнне ў гараджанаў выклікае і рэжым ізаляцыі, праз які многія страцілі працу.

Пазней да людзей выйшлі сілавікі, якія пачалі затрымліваць пратэстоўцаў. Пасля таго як паліцыя ўжыла дубінкі, невядомыя пачалі кідаць камяні і вёдры з будаўнічай пляцоўкі ў бок сілавікоў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі чатырох удзельнікаў мітынгу. Астатніх людзей выціснулі з плошчы Свабоды перад домам урада і перакрылі ўваход на яе.

Раней падобная акцыя прайшла ў іншым горадзе Паўночнай Асеціі – Дзігорэ, на яе сабраліся каля сотні чалавек. Паліцыянты затрымалі аднаго ўдзельніка акцыі і склалі на яго пратакол за парушэнне рэжыму самаізаляцыі.

У Маскве абмежавальныя захады ў сувязі з каронавірусам працягнулі да 1 траўня

СК belsat.eu

Hавiны