Ва ўкраінскай вязніцы збілі «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыку


Юрыя Палітыку, які знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Чарнігава, 7 жніўня моцна збіў сукамернік. У яго зламаная скроневая костка і гематома пад левым вокам.

Як паведамляе консульская служба, перад збіццём Палітыку перавялі ў іншую камеру, а адміністрацыя пагражала, што пасадзіць яго ў карцэр.

Беларускі бок лічыць, што збіццё было спланаваным, бо не было ніякай неабходнасці пераводзіць вязня ў іншую камеру. Да таго ж прычына збіцця вельмі сумнеўная – быццам бы Палітыка не на тое месца паставіў парашок для прання.

Беларуская пракуратура лічыць, што «працягваецца мэтанакіраванае фізічнае і псіхаэмацыйнае ўздзеянне на Юрыя Палітыку з мэтай яго прымусу да прызнання віны ў высунутым абвінавачванні».

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк звярнуўся да Генеральнага пракурора Украіны Юрыя Луцэнкі з просьбай арганізаваць праверку па факце збіцця Юрыя Палітыкі.

Нагадаем, Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. На пачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся пра абмен. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў