Ва Украіне зменіцца прэмʼер-міністр


Прэм’ер-міністр Украіны Аляксей Ганчарук напісаў і перадаў у Вярхоўную Раду заяву аб сваёй адстаўцы, фракцыя «Слуга народа» узгадніла прызначэнне на пасаду кіраўніка ўкраінскага ўрада Дзяніса Шмыгаля. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

«Ганчарук заяву напісаў, у парламент перадаў, мы зараз прагаласавалі фракцыяй яе задаволіць. Ён ужо больш не прэмʼер-міністр», – сказаў народны дэпутат фракцыі «Слуга народа» Аляксандр Дубінскі журналістам пасля пасяджэння фракцыі ў аўторак вечарам.

У сваю чаргу народны дэпутат Міхаіл Радуцкі пацвердзіў гэтую інфармацыю.

«Шмыгаля прапанаваў прэзідэнт… Фракцыя падтрымала», – паведаміў ён. Паводле Радуцкага, супраць Шмыгаля на фракцыі не прагаласаваў ніхто, толькі адзін чалавек устрымаўся.

Дзяніс Шмыгаль ураджэнец Львова, яму 44 гады. Вярхоўная Рада прызначыла Шмыгаля віцэ-прэмʼер-міністрам – міністрам развіцця грамадаў і тэрыторыяў 4 лютага 2020 года. Да гэтага прызначэння са жніўня 2019 года ён узначальваў Івана-Франкоўскую аблдзяржадміністрацыю. Раней ён быў дырэктарам ДТЭК «Бурштынская ТЭС», намеснікам генеральнага дырэктара «ДТЭК Захадэнерга» – гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у холдынг алігарха Рыната Ахметава. Праз працу ў гэтых кампаніях у СМІ Шмыгаля называлі чалавекам Ахметава.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў