Ва Украіне здымаюць фільм пра «кібаргаў» – абаронцаў Данецкага аэрапорту (Трэйлер)


Некалькі месяцаў абароны Данецкага аэрапорту ў 2014-ым пачатку 2015 года сталі ці не самай запамінальнай старонкай першага года вайны на Данбасе.

Баявыя дзеянні вакол важнейшага абʼекта інфраструктуры пачаліся 25 траўня 2014-га, а канчаткова адступілі ад яго ўкраінцы 21-22 студзеня 2015-га.

Абаронцы Данецкага аэрапорту сталі ва Украіне сімваламі трываласці і мужнасці, гатовасці абараняць сваю зямлю да апошняй кроплі крыві.

Пра гэтыя падзеі ўжо былі знятыя дакументальныя стужкі, напісаныя кнігі, выйшлі фотаальбомы і запісаныя ўспаміны.

Цяпер першы мастацкі фільм на гэтую тэму пачаў здымаць украінскі рэжысёр крымска-татарскага паходжання Ахтем Сейтаблаеў, які раней стаў аўтарам забаронена ў Расеі стужкі «Хайтарма» пра дэпартацыю крымскіх татараў у 1944 годзе.

У працы стваральнікі фільма выкарыстоўваюць і інтэрвʼю з рэальнымі ўдзельнікамі абароны Данецкага аэрапорту, вялікі абʼём дакументальных фота і відэакадраў.

Пад Кіевам ужо пабудаваны макет памяшканняў тэрмінала аэрапорту, які ў кастрычніку 2014 года абаранялі ўкраінскія вайскоўцы і добраахвотнікі. Бюджэт карціны – каля $ 1,7 млн.

Аўтар сцэнару Наталля Варажбіт вучылася ў Маскве, працавала ў тэатрах ва Украіне, Расеі, Заходняй Еўропе, напісала сцэнары для 10 фільмаў.

Прэмʼера кінастужкі мае адбыцца ў снежні 2017 года, у Дзень Узброеных сіл Украіны.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў