Ва Украіне затрымалі падазраванага ў расстрэле актывістаў на Майдане


Украінскія праваахоўнікі затрымалі былога байца ўнутраных войскаў, а цяпер вайскоўца Нацыянальнай гвардыі, якога падазраюць у забойстве актывістаў 20 лютага 2014 года на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве.

Пра гэта паведамляе выданне «Украінская праўда» са спасылкай на ўласную крыніцу ў сілавых структурах.

У прыватнасці, затрыманы можа быць датычны да забойства актывіста Еўромайдану, тэатральнага рэжысёра Аляксандра Храпачэнкі. Вядома, што Храпачэнка загінуў ад кулі снайпера.

Паводле крыніцы выдання, вайсковец быў арыштаваны судом 3 лістапада гэтага году. Яму афіцыйна паведамілі пра падазрэнне ва ўчыненні наўмыснага забойства і перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў.

На дадзены момант следства працягвае збіраць матэрыялы ў справе былых супрацоўнікаў «Беркута», якіх лічаць датычнымі да забойства 48 актывістаў Майдану 20 лютага 2014 года. Усяго падчас пратэстаў ва Украіне восенню 2013-зімой 2014 загінулі 106 асобаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў