Ва Украіне з пачатку года адбылося 13 нападаў на журналістаў


За два першыя месяцы 2019 года ва Украіне зафіксавана 13 выпадкаў фізічнай агрэсіі ў дачыненні да журналістаў: у студзені было 7 такіх нападаў, у лютым – 6.

Такая лічба называецца ў маніторынгу «Індэкс фізічнай бяспекі журналістаў Украіны», які Нацыянальны саюз журналістаў Украіны правёў сумесна з шэрагам грамадскіх арганізацыяў.

Больш за ўсё журналісты пацярпелі ў Кіеве і вобласці там на іх нападалі ажно 5 разоў, яшчэ 2 выпадкі зафіксаваныя ў Адэсе, 1 – у Херсоне.

Таксама 5 інцыдэнтаў адбыліся ў заходніх вобласцях Украіны: Тэрнопальскай, Львоўскай і ў Закарпацці.

Адзін з самых жорсткіх нападаў здарыўся 24 студзеня ў Галасееўскім раёне Кіева: там збілі і абрабавалі журналістаў праекту «Стоп карупцыі», якія рыхтавалі сюжэт пра незаконную здабычу пяску.

Паводле дадзеных НСЖУ, за два папярэднія гады такіх нападаў на прадстаўнікоў СМІ было больш за 140.

Журналісты ва Украіне перыядычна зазнаюць ціск, пагрозы і фізічныя атакі, у тым ліку гэта датычыць тых,хто займаецца расследаваннямі карупцыі.

Паводле сёлетняга рэйтынгу часопісу Global Finance, Украіна ўваходзіць у топ-20 найбольш небяспечных для жыцця краінаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў