Ва Украіне ўступіў у сілу закон аб роўнасці мужчын і жанчын у войску


27 кастрычніка ва Украіне ўступіў у сілу закон аб забеспячэнні роўнасці мужчын і жанчын падчас праходжання службы ў войску і іншых вайсковых фармаваннях.

Прэзідэнт Украіны Петр Парашэнка падпісаў гэты закон 12 кастрычніка. Раней прэс-служба кіраўніка Украіны паведаміла, што закон будзе спрыяць павышэнню ўзроўню прававой абароны жанчын, а таксама паспрыяе павелічэнню іх колькасці ў войску.

Ва ўкраінскім войску служаць 55 000 жанчын.

Закон замацоўвае прынцып, паводле якога жанчыны могуць займаць тыя ж пасады і атрымліваць тыя ж воінскія званні, што і мужчыны. Разам з правамі жаўнеры-жанчыны атрымалі і роўны з мужчынамі абавязкі (пры ўмове выканання заканадаўства аб ахове мацярынства і дзяцінства), а таксама аднолькавы з імі ўзровень адказнасці пры праходжанні вайсковай службы.

Раней жанчыны маглі служыць у войску толькі да 40 гадоў. Паводле новага закону, яны, як і мужчыны, змогуць служыць да 45 гадоў на пасадах радавых і сяржантаў, а жанчыны з вышэйшага афіцэрскага складу змогуць праходзіць службу да 60 гадоў.

Заканадаўцы таксама зраўнялі ўзрост знаходжання мужчын і жанчын ў запасе – 65 гадоў. Раней жанчын адпраўлялі ў адстаўку пасля дасягнення узросту 50 гадоў, што перашкаджала жанчынам атрымліваць новыя воінскія званні і зарабляць больш высокую пенсію.

Закон таксама дазваляе прызначаць жанчын у сутачны нарад.

ЮВ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў