Ва Украіне падпалілі беларускі завод. Амбасада накіравала ноту пратэсту


На сайце амбасады Беларусі ва Украіне адзначаецца, што ў апошні час ва Украіне нібыта «пачасціліся выпадкі нядобрасумленнай канкурэнцыі» супраць беларускіх дарожна-будаўнічых арганізацыяў.

Амбасада звяртае ўвагу на той факт, што ў зваротах некаторых дэпутатаў Вярхоўнай Рады «робіцца спроба дыскрэдытаваць паспяховую працу холдынгу «Белаўтадар» на ўкраінскім рынку дарожна-будаўнічых паслугаў».

Паведамляецца, што ў ноч на 22 лютага ўчынены разбойны напад на асфальтабетонны завод у Навабугскім раёне Мікалаеўскай вобласці, які ўсталяваны будаўніча-мантажным трэстам №8 з Менску. Пры нападзе невядомыя атруцілі вартавых сабак, збілі і звязалі ахоўнікаў.

Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны

Па дадзеным факце амбасадай накіраваны зварот на адрас віцэ-прэм’ер-міністра Украіны, міністра рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзя Зубко, сустаршыні міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы.

Амбасада накіравала ў МЗС Украіны ноту, у якой гаворыцца, што «такія супрацьпраўныя акцыі не адпавядаюць дамоўленасцям на вышэйшым узроўні па супрацы ў сферы дарожнага будаўніцтва«, а таксама «наносяць прамую шкоду гандлёва-эканамічным адносінам дзвюх краін, якія актыўна развіваюцца, і негатыўна ўплываюць на інвестыцыйны імідж Украіны».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў