Ва Украіне не праводзяць псіхалагічную рэабілітацыю ўдзельнікаў АТА


Кіраўнік Офісу ўпаўнаважанага прэзідэнта Украіны па пытаннях рэабілітацыі ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі Наталля Зарэцкая заявіла, што цяпер ва Украіне не праводзіцца псіхалагічная рэабілітацыя ўдзельнікаў АТА.

Пра гэта яна паведаміла «Украінскім Навінам».

«У гэтым годзе праграма яшчэ не запрацавала на самай справе. Псіхалагічная рэабілітацыя прадстаўлялася толькі на працягу студзеня і лютага, калі быў працягнуты механізм папярэдняга года.

На сёння псіхалагічная рэабілітацыя ўдзельнікаў АТА ва Украіне наогул не праводзіцца», – сказала Зарэцкая.

Паводле яе слоў, гэта звязана з тым, што толькі цяпер Міністэрствам сацыяльнай палітыкі накіраваны на ўзгадненне парадак правядзення псіхалагічнай рэабілітацыі, але ён яшчэ не быў зацверджаны. Пры гэтым Зарэцкая адзначыла, што па стане на аналагічны перыяд 2016 года парадак арганізацыі псіхалагічнай рэабілітацыі быў ужо цалкам узгоднены.

Раней начальнік клінікі псіхіятрыі Галоўнага ваеннага клінічнага шпіталя Алег Друзь на камітэце па пытаннях аховы здароўя заявіў, што 93% удзельнікаў АТА з’яўляюцца патэнцыйнай пагрозай для грамадства.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў