Ва Украіне «дзень цішыні» перад выбарамі прэзідэнта


Ва Украіне 30 сакавіка, напярэдадні выбараў кіраўніка дзяржавы, наступіў «дзень цішыні», калі забароненая любая перадвыбарная агітацыя, у тым ліку публічныя ацэнкі дзейнасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, правядзенне сустрэч з выбарнікамі, а таксама шэсцяў і дэманстрацыяў.

Выбары прэзідэнта Украіны прызначаныя на 31 сакавіка, нагадвае DW.COM. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 (9.00 менскага часу) раніцы і зачыняцца ў 20.00 (21 паводле менскага часу). Згодна з законам «Аб выбарах прэзідэнта Украіны», права голасу маюць грамадзяне Украіны, якім на момант выбараў споўнілася 18 гадоў.

Вынікі экзітпулаў могуць быць апублікаваныя толькі пасля заканчэння галасавання. У канчатковы спіс увайшлі 39 кандыдатаў, сярод якіх – дзейсны кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка, экс-прэм’ер і лідар партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка, а таксама артыст і мастацкі кіраўнік студыі «Квартал 95» Уладзімір Зяленскі.

У выпадку другога тура паўторнае галасаванне ў Украіне пройдзе 21 красавіка

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ва Украіне распачалася 31 снежня 2018 года. Калі ў дзень выбараў 31 сакавіка ні адзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50 адсоткаў галасоў, то будзе прызначаны другі тур, які пройдзе 21 красавіка. У такім выпадку афіцыйныя вынікі, як чакаецца, будуць абʼяўлены да 1 траўня ўключна, а інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы адбудзецца да 31 траўня.

Назіраць за выбарчым працэсам ва Украіне будуць 2020 прадстаўнікоў з 16 краінаў і 15 міжнародных арганізацыяў. Назіральнікаў з Раскі ва Украіну не пусцілі, паколькі ў пачатку лютага Вярхоўная рада заканадаўча абмежавала ўдзел у наглядальных місіях грамадзянаў краінаў-агрэсараў і тых, каго дэлегавалі гэтыя краіны. Ва Украіне краінай-агрэсарам афіцыйна прызнана Расейская Федэрацыя.

Hавiны
Выбары ў ваенны час. Як Расея ўплывае на прэзідэнцкую гонку ва Украіне
2019.03.21 18:33

СК belsat.eu

Стужка навінаў