Ва Украіне арыштавалі меркаванага арганізатара забойства журналісткі Гандзюк


Арыштаванага завуць Ігар Паўлоўскі, ён – былы памочнік народнага дэпутата ад «Блоку Пятра Парашэнкі» Мікалая Паламарчука.

Паўлоўскі быў узяты пад варту без альтэрнатывы ўнясення закладу. Яго падазраюць у арганізацыі забойства журналісткі і антыкарупцыйнай актывісткі Кацярыны Гандзюк. Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіла Служба бяспекі Украіны і Генпракуратура. Следчыя гэтых структураў працягваюць расследаванне.

Усяго па «справе Гандзюк» былі арыштаваныя пяць чалавек: гэта меркаваны арганізатар нападу Сяргей Торбін, якому, паводле следства, перадаў грошы ад заказчыка Ігар Паўлоўскі, а таксама Уладзімір Васяновіч, Вячаслаў Вішнеўскі, Віктар Гарбуноў і выканаўца Мікіта Грабчук. Пры гэтым імя заказчыка дагэтуль не было названае. Усе фігуранты ў мінулым ваявалі на Данбасе ў складзе добраахвотніцкіх фармаванняў.

Раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў праваахоўнікаў зрабіць усё магчымае дзеля высвятлення абставінаў нападу на Гандзюк.

31 ліпеня ў Херсоне невядомы выліў серную кіслату ў твар Кацярыны Гандзюк. Інцыдэнт адбыўся каля пад’езду яе дому. Жанчыну з хімічным апёкам больш за 30% цела шпіталізавалі. 4 лістапада Гандзюк памерла ў Кіеўскім гарадскім апёкавым цэнтры.

КА, belsat.eu, паводле unian.net

 

Стужка навінаў