Ва Украіне арыштавалі экс-начальніка Генштабу: падазраюць у дзяржаўнай здрадзе


Пячэрскі раённы суд Кіева пастанавіў утрымліваць пад вартай да 27 сакавіка 2019 падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе былога начальніка Генеральнага штаба Уладзіміра Заману.

Пракуроры патрабавалі абраць падазраванаму меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, паколькі ён можа пакінуць краіну.

Заману абвінавачваюць у скарачэнні асабістага складу баяздольных вайскоўцаў і расфармаванні вайсковых частак. Такія ягоныя дзеянні нібыта пазбавілі Украіну супрацьпаветранай абароны.

Экс-кіраўнік Генштаба пацвердзіў, што як вайсковец з больш чым 36-гадовым стажам разумее, што яму прад’яўленыя сурʼёзныя абвінавачванні, аднак сцвярджае, што ў тэксце падазрэння «ніводнай літары праўды няма». Паводле Заманы, сведак, на чые паказанні спасылаецца следства, у свой час ён вызваліў з пасадаў «за неналежнае выкананне службовых абавязкаў». Ён таксама сцвярджае, што не меў ніякіх кантактаў з ваеннымі сіламі РФ, а ў Расеі «быў адзін раз на перамовах», куды яго даслалі. Замана адмаўляе змову з экс-прэзідэнтам Віктарам Януковічам і запэўнівае, што бачыўся з ім толькі толькі ў афіцыйнай абстаноўцы.

Абарона падазраванага патлумачыла, што Замана не прызнае абвешчаныя яму падазрэнні, але гатовы даказваць сваю невінаватасць у судзе, і ў пацверджанне таго, што не збіраецца бегчы, гатовы здаць свой замежны пашпарт.

Уладзімір Замана займаў пасаду кіраўніка Генеральнага Штаба Узброеных Сілаў з лютага 2012 года па 19 лютага 2014 года.

Януковіч звольніў яго, паводле неафіцыйнай інфармацыі, бо той адмовіўся даць загад на вырушэнне на Кіеў дэсантнай дывізіі з Днепрапятроўска.

КА, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў