Ужо ў наступным годзе бязвізавы ўезд у Беларусь праз аэрапорт павялічаць да 10 дзён


Бязвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Менск можа быць павялічаны да 10 дзён у 2018 годзе, паведаміў намеснік начальніка Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Ганевіч.

Адпаведную заяву чыноўнік зрабіў на выязным паседжанні ў Міры пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах.

Кажучы пра лібералізацыю ў пытанні бязвізавага ўезду, Аляксандр Ганевіч распавёў, што ў 2018 годзе плануецца ўсталяваць бязвізавы ўезд на 10 дзён для тых, хто прыбывае ў нашую краіну праз аэрапорт, на перыяд Еўрапейскіх гульняў (пройдуць летам 2019 году) – на 30 дзён. Пасля плануецца распаўсюдзіць дзеянне бязвізавага ўезду на ўсе пункты пропуску.

Паводле Ганевіча, Дзяржаўны мытны камітэт і Мінстэрства спорту і турызму падтрымліваюць увядзенне бязвізавага рэжыму на 30 дзён, у той час як МУС і КДБ згодныя толькі на 10 дзён.

Да 2021 году новаўвядзенні абмяркуюць усе зацікаўленыя структуры, адзначае агенцтва БелТА.

Колькасць выдадзеных візаў у 2014-2015 гады даходзіла да 300 тыс у год. Сума збораў за выданне візаў склала $ 25 млн. У 2016 годзе выдалі 275 тыс. візаў. Сёлета, як чакаецца, будзе каля 80 тыс. бязвізавых уездаў, дзякуючы чаму знізіцца колькасць выдадзеных візаў. Разам з тым гэта не стане прычынай фінансавых стратаў для дзяржавы, паколькі адбываецца павелічэнне экспарту турыстычных паслугаў, піша БелТА. За студзень-жнівень госці Беларусі скарысталіся турыстычнымі паслугамі на суму каля $ 90 млн, у той час як страты ад змяншэння колькасці выдадзеных візаў склалі каля $ 12 млн. Гэта станоўчы досвед, і яго трэба развіваць, мяркуе Аляксандр Ганевіч.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў