«Ужо няма тых, хто памятае расстрэлы». У Менску адкрылася выстава «Праўда пра Курапаты»


Трыпціх Андрэя Дубініна «Курапаты», 2019. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Каля 600 пахаванняў і ад 7 да 250 тыс. ахвяраў. У менскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная самаму вялікаму беларускаму некропалю. Яна ладзіцца не ўпершыню, у 2015 г. выстава ішла ўсяго тры дні, і тады яе наведалі больш за 2 тыс. чалавек. Сёлета яна праходзіць з 13 да 22 лістапада, і да таго ж уваход вольны.

Дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты» адлюстроўвае гісторыю і сённяшні дзень старога хваёвага лесу на паўночна-ўсходнім ускрайку Менску, дзе ў 1930-я гг. савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысячаў ні ў чым не вінаватых людзей. Арганізатарам выступае грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў».

На першым паверсе Палацу мастацтваў прэзентаваныя творы беларускіх мастакоў 1990-х і сучаснасці. Адзін з самых знакамітых твораў – «Клуб Дзяржынскага, альбо Ноч паэтаў» мастака з Менску Андрэя Дубініна. Выява трох працаўнікоў НКВД, так званай тройкі, з тылу, якія замест зброі цэляцца ў невядомых ахвяраў келіхамі, напоўненымі крывёю.

Элемент трыпціха Андрэя Дубініна «Курапаты», 2019. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Нашчадкі тых, хто выконваў гэтыя жудасці, былі блізкія да ўлады, і вы думаеце, чаму не адкрываюць архівы? Каб не было помсты, але яе і не будзе. Мае быць пакаянне. Як адбылося на Нюрнбэргскім працэсе», – кажа Алена Кісялёва, адна з арганізатарак выставы.

Арганізатары не абмінулі ўвагай і абарону Курапатаў 2018–2019 гг., вядомую перш за ўсё змаганнем абаронцаў супраць рэстарану «Паедзем паядзім». У 2019 г. мастак Алесь Марачкін, вядомы пад псеўданімам Алесь Мара, стварыў карціну і пра гэтыя падзеі.

Мастак Алесь Мара «Сённяшнія Курапаты» 2019. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

На ёй пазнаюцца вобразы абаронцаў, мы адразу пазналі Паўла Севярынца на пярэднім плане, а за плотам угадваецца вобраз кіраўніка краіны, які схаваўся на тэрыторыі рэстарану.

«Ужо няма тых, хто памятае расстрэлы. Колькі разоў я быў у Курапатах. Я што, камуніст нейкі? Пазняк шмат чаго карыснага распавёў. А ў Курапатах пабудавалі гэты «Бульбаш», гэтага нельга. Жалоба мае там быць», – кажа наведнік выставы Казімір.

Акрамя мастацкіх твораў прысутнічаюць і розныя праекты мемарыялу і помніку ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Праекты, распрацаваныя яшчэ да ўсталявання дзяржаўнага помніку на Галгофе.

Сяргей Гумілеўскі – скульптар, Яўген Медзько – архітэктар. 2018. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Творы дапамагаюць зразумець, што Курапаты – гэта боль не толькі ахвяраў, гэта боль усёй нацыі, які закрануў кожнага з нас.

«Грамадства раскалолася на тых, хто рабіў гэта, і тых, хто пакутаваў. У мяне, напрыклад, абодва бацькі пазналі вось гэтыя пакуты ад чырвонага тэрору, яны памерлі і не дачакалі вось гэтага суда над камуністычнай сістэмай, а яго няма, бо нішто асабліва не змянілася», – кажа адна з арганізатарак выставы Алена Кісялёва.

Дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты». Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Калі мы сыходзілі, то пачулі, як двое мужчынаў сталага веку, праходзячы побач, казалі: «Гэта не мастацтва. Мазня нейкая». Імаверна, яны не ведаюць ні пра Курапаты, ні пра чырвоны тэрор, ці проста не хочуць ведаць.

Калі для вас гэта не «мазня», то выстава працягнецца яшчэ да 22 лістапада. Абавязкова наведайце.

Мастак Аляксандр Цыркуноў «Дакуль?» , 2019. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»
Кніга водгукаў да выставы. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»
Hавiны
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. «Белсат» правёў стрым
2019.10.28 14:15

ВР, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў