Ужо два ўніверсітэты ў Беларусі папрасілі студэнтаў заставацца ў інтэрнатах і не выязджаць за горад


У Міністэрстве адукацыі кажуць, што гэта рашэнне адукацыйных установаў.

Да Belsat.eu звярнуўся студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту, які распавёў, што ўсім навучэнцам рэкамендавалі не пакідаць інтэрнат і выязджаць з гораду. Гэта ўжо не першая інфармацыя пра такую рэкамендацыю. Літаральна ўчора мы пісалі пра Палескі ўніверсітэт у Пінску.

Hавiны
Студэнтка Палескага ўніверсітэту: «Нам забараняюць выязджаць за горад». Універсітэт: «Толькі рэкамендуем»
2020.04.01 20:47

«Учора прыходзіла намесніца дэкана. Сказала, што нашыя студэнты не гатовыя да самаізаляцыі, што пакуль ніякага каранціну не будзе. Сказала, каб усе заставаліся на месцы, сядзелі па інтэрнатах, па кватэрах, каб за горад не выязджалі ўвогуле. Ім прыйшоў нейкі загад зверху, каб нікога не пускалі за горад. На пары давядзецца хадзіць. Ніякіх пагрозаў не было, але там усё кантралюецца», – кажа студэнт.

Як універсітэт будзе кантраляваць, хто выязджаў з Баранавічаў, а хто не – студэнт не ведае. Дадаў, што кожны дзень спраўджваюць, каго няма на парах, складаюць спіс. Тых, каго няма, запытваюць, дзе быў у гэты час.

Прарэктарка па выхаваўчай працы ўніверсітэту Ганна Верабей пацвердзіла нам гэтую інфармацыю:

«Падчас відэаканферэнцыі Міністэрства адукацыі парэкамендавала абмежаваць выезд студэнтаў з інтэрнатаў у сувязі з сітуацыяй, якая склалася. Зараз мы маем пастанову санстанцыі гораду Баранавічы, якая таксама парэкамендавала абмежаваць выезд студэнтаў за межы Баранавіцкага раёну. Ні пра якае гвалтоўнае ўтрыманне гаворкі няма. Я думаю, што ўсе студэнты – дарослыя, і яны цудоўна разумеюць сітуацыю. Тым больш у нас ёсць студэнты з небяспечных раёнаў. Пра выключэнне з універсітэту гаворкі дакладна не вядзецца».

Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Фота: Zcgie Baranowiczski

Змест рэкамендацыі Belsat.eu удакладніў і галоўны лекар санстанцыі Баранавічаў Валянцін Александровіч:

«Рэкамендацыя была ў тым, каб яны не выязджалі ў іншыя рэгіёны з мэтай мінімізацыі распаўсюду інфекцыйных захворванняў, у тым ліку каронавіруснай інфекцыі. Рэкамендацыі ніадкуль не прыходзілі. Мы папросту ў прафілактычным накірунку прапрацавалі пытанне. Ніякіх канкрэтных рэкамендацыяў ад Міністэрства аховы здароўя не было. Мы параілі з улікам таго, што студэнты курсіруюць – і кантактуюць з іншымі людзьмі. Потым у выпадку ўзнікнення эпідэміялагічнай сітуацыі вельмі цяжка выяўляць кола кантактаў, таму мы рэкамендавалі па магчымасці максімальна знаходзіцца ў межах нашага рэгіёну», – кажа Валянцін Александровіч.

У прэс-службе Міністэрства адукацыі нам паведамілі, што ніякіх рэкамендацый у ВНУ не накіроўвалі:

«Я думаю, гэта іх рашэнне», – распавяла прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

Усё па тэме каронавірусу чытаце тут.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў