Узаконеныя забойствы на вачах у дзяцей. Чаму на нашых вуліцах расстрэльваюць жывёлінаў?


Кожны з нас чуў гісторыі пра адлоў і адстрэл беспрытульных жывёлінаў на вуліцах нашых гарадоў. А некаторыя, магчыма, нават былі сведкамі гэтых жудасных здарэнняў.

У Гатаве пад Менскам жыхарка шматпавярховіку зняла на відэа жахлівую сцэну, як міліцыянт з табельнай зброі з чацвертага або пятага стрэлу на вачах усяго двара забівае беспрытульнага сабаку. Некаторыя сведкі кажуць, што сабака паводзіў сябе агрэсіўна, кідаўся на іншых сабак ды людзей. Прайшла нават чутка, што сабака быў шалёны. Адмыслоўцы кажуць, што візуальна вызначыць шалёны сабака ці не шалёны немагчыма.

«Можна было проста злавіць гэтага сабаку, звезці, зрабіць аналізы. Хоць шаленства ў жывой жывёліны нельга выявіць, але можна было б паставіць яго на каранцін і назіраць за паводзінамі», – кажа старшыня ГА «ЗААШанс» Вольга Карпава.

ВІДЭА
«І такім далба*бам зброю выдаюць». Менчукі хочуць пакараць міліцыянтаў, якія на вачах у дзяцей расстралялі сабаку
2019.03.15 13:00

Вольга ўзгадвае яшчэ адзін выпадак, калі пару гадоў таму ў Наваградку расстралялі сабакаў на тэрыторыі школы. Стралялі дроцікамі з атрутаю.

«Сабакі паміралі на вачах у дзяцей. Дзеці выцягвалі дроцікі, намагаліся зрабіць штучнае дыханне гэтым сабакам», – распавядае Вольга Карпава.

На жаль, прыцягнуць да адказнасці вінаватых не ўдалося.

Hавiны
Міліцыянтаў, якія застрэлілі сабаку на вачах у дзяцей, хочуць выгарадзіць?
2019.04.12 07:30

Сур’ёзныя наступствы для дзяцей

Крызісны псіхолаг Наталля Дзянісьева кажа, што такія сцэны гвалту могуць вельмі сур’ёзна паўплываць на псіхіку дзіцяці. Яна ўзгадвае выпадак мінулага года, калі на вачах у дзяцей мужчына выкінуў з акна таксу.

«Дзеці плакалі, яны яго называлі забойцам, што ён заслугоўвае пакарання. Дзеці былі траўмаваныя. Яны ў падрабязнасцях распавядалі, як памірала жывёліна», – узгадвае Наталля.

Псіхолаг зазначае, што праз такое відовішча ў дзяцей могуць здарыцца дэпрэсіўныя і неўратычныя станы, фобіі, страхі, дзіцячы энурэз.

Закон, які не працуе

Заканадаўства прадугледжвае два шляхі: адлоў і адстрэл. Сабакі падлягаюць адстрэлу ў выключных выпадках, але нідзе не сказана, што такое выключны выпадак. На справе мы атрымліваем, што выключны выпадак – гэта адсутнасць пункту часовага ўтрымання. А пунктаў часовага ўтрымання амаль нідзе няма.

З адловам таксама ўзнікае шмат праблемаў. У заканадаўстве прапісана, як ён мусіць адбывацца, але гэтак званыя лаўцы не заўсёды прытрымліваюцца гэтых нормаў. Жыхарка Менску Таццяна Малахавецкая зафіксавала, як выглядае адлоў катоў, якія жывуць у падвалах шматпавярховікаў.

На фота мы бачым, што каля дзіры ў сцяне стаіць лавец з сеткай, якая ўжо набітая катамі. Як такая колькасць жывёлінаў магла самастойна пайсці ў сетку? Зоаабаронца Настасся Жаўрыд кажа, што хутчэй за ўсё катоў выманілі на валяр’янку. І гэта першае парушэнне. Закон забараняе прыманьваць жывёлінаў. І зноў жа адлоў адбываўся на вачах дзяцей.

«Адлоў і адстрэл мусіць адбывацца падчас мінімальнай прысутнасці людзей на вуліцы. Гэта прапісанае ў правілах», – сцвярджае Настасся Жаўрыд, кіраўніца Цэнтру абароны жывёлінаў «Анімалекс».

Вольга Карпава дадае, што да сталічнай«Фаўны гораду», дзе ўтрымліваюць адлоўленых жывёлінаў, жывымі даязджае каля 25 % адлоўленых.

Hавiны
«Сабак паліваюць вадой і паляць токам». Чаму гвалт над жывёламі ў Беларусі – гэта норма?
2018.07.27 11:56

Маёмасць не мае правоў

Яшчэ адная праблема: паводле заканадаўства хатняя жывёліна – маёмасць гаспадара. Гэта ўскладняе ратаванне жывёліны, калі яе гаспадар жорстка з ёй абыходзіцца. Жыхарка Маладзечна выратавала такую ахвяру.

Французскі бульдог паўтара года жыў на вуліцы, прывязаны тросам. Ад гэтага тросу ў сабакі з’явіўся велічэзны шнар на шыі.

«Суседзі бачылі, участковы бачыў, ніхто нічога не рабіў, бо гэта маёмасць. Ніхто нават не ўмешваўся», – распавядае Аксана Кірылюк.

Выратаваць сабаку ўдалося толькі выкупіўшы яе ў гаспадароў. Нягледзячы на тое, што ветэрынары раілі ўсыпіць жывёліну, спадарыня Аксана яе выхадзіла.

Пакараць такіх гаспадароў за неналежныя ўмовы ўтрымання немагчыма – у законе няма адпаведнай нормы.

Грамадская актывістка Вольга Маёрава адзначае, што ў Беларусі няма спісу, які б рэгуляваў панятак «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі».

«Ва Украіне такі спіс ёсць, ён дастаткова вялікі, і апошнім пунктам ідзе: «Не выкананне правілаў утрымання жывёлінаў»», – кажа Вольга.

Праблема са стаўленнем да жывёлінаў у Беларусі вельмі сур’ёзная і развязваць яе трэба комплексна: мяняць не толькі заканадаўства, але і саміх людзей, якія дазваляюць сабе здзекавацца з безабаронных істотаў.

Больш падрабязна аб праблеме жорсткага абыходжання з жывёлінамі глядзіце прэм’ернае выданне ток-шоу «Кожны з нас».

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Стужка навінаў