«Увесь дзень пад маскаю – цяжка». Жыхары Ваўкавыску ідуць на кампраміс з захадамі бяспекі

Кандуктарка, прадавачка, кансультантка салону сувязі і медсястра… Як абараняюцца ад каронавірусу ў 44-тысячным Ваўкавыску працаўнікі, якія штодня кантактуюць з вялікай колькасцю людзей.

Людміла, кандуктар-кантралёр аўтобуснага парку

Гарадскі аўтобус у Ваўкавыску. Фота: «Белсат»

Як вам працуецца пад час эпідэміі каронавірусу? Праз аўтобус за дзень праходзіць вельмі шмат людзей…

Агулам вельмі страшна. Але ў мяне пенсія ўсяго Br 274, заплачу камуналку, набуду найбольш неабходныя харчы, вось і ўся пенсія. Ды й зараз знойдзеш іншую працу ў горадзе?

Ці выдаюць вам сродкі абароны, маскі, пальчаткі? Ці хапае вам іх?

Нам выдалі пяць шматразовых масак і тры пары пальчатак, напэўна на месяц.

Чаму ж вы зараз без маскі?

Шчыра, у масцы вельмі цяжка працаваць, 9 гадзінаў – не магчыма. Таму перыядычна здымаю, адкладаю, зноўку ўжываю, як народу шмат. Як народу мала, то здымаю, таму што немагчыма дыхаць.

Ці правяраюць, выкарыстоўваеце вы тыя маскі і пальчаткі?

У першыя дні нас санстанцыя правярала на канцавых прыпынках. Зараз – не заўсёды.

Як лічыце, ці варта ўводзіць каранцін, як у Еўропе ці Расеі? Ці мэтазгодна гэта?

Бог яго ведае, жыць хочацца. (смяецца) Я б, напрыклад, увяла, каб прынамсі тыдні два ніхто не выходзіў. Мой сын прыехаў з-за мяжы. Ён быў у Італіі, у Нямеччыне, у Францыі, я цяпер сядзіць на самакаранціне. Яго ніхто не прымушаў асабліва, але ён не выходзіць з кватэры. Я прыношу паесці, пакідаю пад дзвярыма.

Галіна. Прадавачка ў невялічкай харчовай краме

Харчовая крама ў Ваўкавыску. Фота: «Белсат»

Як вам працуецца пад час эпідэміі каронавірусу? Праз краму цягам дня праходзіць вельмі шмат людзей…

Мне ўвогуле не страшна. Трошкі напружання. Я лічу, гэтая хвароба, як грып. Кожны павінен перахварэць, хто ў якой ступені, хто мацней, а хто слабей. Большасць з нас пройдзе праз гэта, і гэта нармальна. У мяне няма ніякай панікі і ў тых, хто са мною працуе, таксама. Насцярожанасць ёсць, таму ўжываем маскі, пальчаткі, дэзінфікуем, каб падстрахавацца.

Ці выдаюць вам сродкі абароны, маскі, пальчаткі? Ці хапае вам іх?

Пакуль што так. Нам выдалі шматразовыя маскі. Сродкі дэзінфекцыі ёсць, пальчаткі таксама. На першы час нам дастаткова.

Як лічыце, ці мэтазгодна ўводзіць каранцін, як у Еўропе і Расеі?

Я лічу, што ўсё ўплывае на эканоміку, таму можна не саджаць людзей на каранцін. Засцерагацца трэба, пазбягаць сацыяльных кантактаў. А я б ізалявала тых хто прыязджаюць, вось што.

То бок, нам такія меры як у Еўропе не патрэбныя?

Мяркую, што не патрэбныя.

Ангеліна. Кансультантка ў салоне сувязі

Ангеліна. Салон сувязі ў Ваўкавыску. Фота: «Белсат»

Народу зрабілася зараз нашмат менш. Людзі добра разумеюць, што калі яны сябе няпэўна адчуваюць, то не ходзяць нікуды. Працадаўца нам даслаў усё неабходнае, нават санітайзер. Таму я асабіста не баюся.

Але зараз сядзіце без маскі. Чаму?

Як вам сказаць, у масцы, без маскі… Народу ўвогуле мала зараз заходзіць. Асабліва ўвечары… Па-першае, мне не зручна. Па-другое, наколькі яна абароніць? На 60 %, па-мойму, казалі. Цяжка прасядзець у масцы цэлы дзень. Зразумела, што калі б быля плынь наведнікаў, нават трэба было б. Але цяпер не бачу сэнсу.

Як лічыце, ці варта ўводзіць каранцін па прыкладу Еўропы і Расеі? Ці мэтазгодна гэта?

Чэсна, наш горад гэта так не закранула, таму я не бачу сэнсу пакуль у каранціне. А пасадзі людзей… Як у мяне зарплата залежыць ад продажу, на 90 %, вось што я атрымаю? То бок ва ўсіх сем’і, растэрміноўкі. А тут якую-ніякую капеечку атрымаеш.

Як лічыце, ці варта ўводзіць каранцін, як у Еўропе і Расеі? Там даплочваюць тым, хто не працуе.

У нас няма такога. А ў мяне асноўны прыбытак з продажаў. Але шчыра, я б дома так доўга і не вытрымала (смяецца). Таму я думаю, што каранцін асабліва не патрэбны. Хто баіцца, альбо дрэнна сябе адчувае, той нікуды і не ідзе.

Марына, медсястра

Раённая больніца ў Ваўкавыску. Фота: «Белсат»

Як пачуваецеся ў часе эпідэміі? Вашая прафесія ў зоне рызыкі…

Я б не сказала, што мне моцна страшна і не сказала б, што я такая ўжо смелая і не баюся. Ёсць моманты, калі робіцца страшна, а часамі думаю, што не надта страшна. Складана сказаць адназначна.

Ці выдаюць вам сродкі абароны, маскі, пальчаткі? Ці хапае вам іх?

Выдаюць. Але я не вельмі ўпэўненая ў эфектыўнасці гэтых масак. Я лічу, што мае быць больш высокая ступень абароны – рэспіратары. А гэтыя маскі, я лічу, вялікай карысці не даюць.

Ці варта ўводзіць каранцін паводле прыкладу Еўропы і Расеі?

Я лічу, што каранцін патрэбны, таму што людзі ў нас трошку неадказныя, не ўсе хочуць выконваць нават элементарныя захады бяспекі. Я б яго ўвяла, каб усё гэта хутчэй прайшло.

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Ваўкавыску

Ілюстратыўны здымак. Фота: pixabay.com

Ці былі ў Ваўкавыску і раёне выпадкі захворвання на COVID-19, мясцовыя ўлады ці медыі не паведамляюць. Апошняя згадка пра адсутнасць інфікаваных была 4 красавіка. Тады лекары назіралі некалькі асобаў, якія прыехалі ў горад. Гэта былі кантакты другога ўзроўню.

Тэсты на тэрыторыі раёну не выконваюцца праз адсутнасць вірусалагічнай лабараторыі. Таму тэсты з Ваўкавыску возяць у лабараторыю Гарадзенскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.

Інфармацыя пра эпідэмію і тэлефоны «гарачай лініі» размешчаныя на старонцы мясцовага санэпіду.

Жыхары Ваўкавыску, як і людзі з іншых куткоў Беларусі, наракалі на адсутнасць масак у аптэках. За пашыў масак узяліся Ваўкавыская камунальная гаспадарка, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання пры райвыканкаме, арганізацыі РЕА БЕЛ, «Зара і К» і «Максілар».

АЖ Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны