Ува Украіне заканчваецца ваеннае становішча


Тэрмін уведзенага ў 10 вобласцях Украіны ваеннага становішча заканчваецца а 14-й у сераду. Абмежаванні для ўезду грамадзянаў Расеі могуць захавацца.

Ваеннае становішча было ўведзенае а 14-й 26 лістапада, але фактычна набыло моц 28 лістапада.

Ваеннае становішча ўводзілася на 30 содняў у 10 вобласцях – Вінніцкай, Луганскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай, а таксама ва ўнутраных водах Украіны Азова-Керчанскай акваторыі.

Рэжым стаў рэакцыяў Украіны на захоп Расеяй украінскіх маракоў у Чорным моры і іх пазнейшы арышт. 22 з 24 арыштаваных ужо назвалі сябе ваеннапалоннымі.

Паводле Пятра Парашэнкі, прычынай увядзення ваеннага становішча была «не толькі адкрытая ўзброеная агрэсія Расеі супраць Украіны ў Азова-Чарнаморскім басейне, але і значнае ўзмацненне груповак расейскіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай у апошнія месяцы».

«Агрэсар заплаціць нашмат большую цану, калі прыме надзвычай безадказнае рашэнне аб працягу агрэсіі супраць нашай дзяржавы», – заяўляў Парашэнка.

30 лістапада кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Пятро Цыгікал паведаміў, што ведамства ўзмацніла захады кантролю на мяжы і абмежавала ўезд у краіну грамадзянаў Расеі мужчынскага полу ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў дапускае, што абмежаванні для ўезду мужчынаў, якія з’яўляюцца расейскімі грамадзянамі, могуць застацца і пасля спынення ваеннага становішча, падае «Інтэрфакс».

ДД; фота анонсу – Pavlo Bagmut/Ukrinform/ZUMA Wire/Forum

Глядзі таксама
Каментары