Пра тое, чый усё ж такі Касцюшка, і што азначае помнік яму ў Залатурне, журналістка «Белсату» Таццяна Рэут паразмаўляла ў Бэрне з кіраўніком беларускай дыпламатычнай місіі ў Швейцарыі Паўлам Мацукевічам – чалавекам, які дапамог вырашыць канфлікт вакол шыльды, уключыўшыся ў перамовы з уладамі гораду. Адкрыццё помніка адбудзецца ў суботу, 21 кастрычніка.
Па словах Часовага Паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Паўла Мацукевіча, устаноўка помніка Тадэвушу Касцюшку ў Залатурне – справа рук беларусаў Швейцарыі.
Павел Мацукевіч кажа, што «дыяспара існуе аўтаномна, а не вісіць на плячах амбасады абузаю»:
«Яны прыдумляюць, распрацоўваюць ідэі ад А да Я, а мы ім дапамагаем у сітуацыях, калі яны да нас звяртаюцца. Нейкія імпрэзы мы ладзім сумесна: «Беларуская дыктоўка» зазвычай праходзіць у сценах амбасады. На пачатку верасня яе праводзілі, быў невялікі канцэрт», – дадае дыпламат.
«Палякі, літоўцы і беларусы згодныя ў меркаванні, што такія гістарычныя персанажы як Касцюшка – частка нашай агульнай гісторыі», – заяўляе Мацукевіч.
«Мы гаворым пра агульную гістарычную спадчыну. Дзяліць ці не дазваляць камусьці лічыць яе сваёй – гэта як мінімум няправільна. Касцюшка нарадзіўся на тэрыторыі, якая цяпер носіць назву Рэспублікі Беларусь – у гэтай гістарычнай спрэчцы я вялікага сэнсу не бачу», – кажа Мацукевіч.
На сітуацыю Павел Мацукевіч як дыпламат глядзіць асцярожна, а канфлікт лічыць «непаразуменнем»:
«Польскі бок запрасілі паўдзельнічаць у імпрэзе, а яны высунулі для гэтага ўмовы, якія для арганізатараў – беларускай дыяспары ў Швейцарыі – апынуліся непрымальнымі».
«Помнік усталёўваецца беларусамі ў Залатурне. Па сутнасці, ёсць два бакі, якія мусяць узгадняць пэўныя тэхнічныя моманты і надпіс на шыльдзе: мэрыя гораду і беларуская дыяспара», – заяўляе Мацукевіч.
З’яўленне ў Швейцарыі помніка Касцюшкі Мацукевіч называе «вельмі важным» – і падкрэслівае, што цяпер у Швейцарыі з’явіцца беларуская кропка, якая стане прыцягальнай для турыстаў з Беларусі і беларусаў, якія тут жывуць.
Мацукевіч дадае, што амбасада знаходзіцца ў пошуку беларускіх слядоў у Швейцарыі:
«Такіх месцаў няшмат: была магіла Магдалены Радзівіл – цяпер няма». (Перавозам праху ў Беларусь займаўся менавіта Алесь Сапега. – Заўв. «Белсат»)
«Беларусы хочуць бачыць Касцюшку і як беларускага героя. А калі яго паўсюль пазіцыянуюць як польскага героя – як уласна і адбываецца – гэта не зусім справядліва. У Беларусі ўшаноўваюць яго памяць, у нас ёсць дзяржаўны музей у яго гонар. Можа, не ў тых маштабах, што ў Польшчы, але ўсё прыйдзе з часам. Магчыма, такія гісторыі падштурхнуць цікавасць да гістарычнай спадчыны, і людзі захочуць разабрацца».
Размаўляла Таццяна Рэут
Ініцыятыва Алеся Сапегі па ўстаноўцы помніка Тадэвушу Касцюшку ператварылася ў міжнародны скандал на пачатку кастрычніка.
Планавалася, што на шыльдзе па-нямецку і па-беларуску будзе напісана: «Тадэвуш Касцюшка. 1746/02/04 – 1817/10/15. Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў. Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі».
У апошні момант надпіс змянілі.
«На жаль, намаганнямі польскага амбасадара ў Бэрне Якуба Кумаха з шыльды зніклі не толькі радкі «сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў», але не стала і версіі, напісанай па-беларуску», – распавёў Алесь Сапега.
Застаўся надпіс па-нямецку: «Пастаўлены Асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі ў 2017 годзе».
Польскі бок прапаноўваў змясціць на помніку толькі імя і прозвішча Тадэвуша Касцюшкі.
«Польшча лічыць, што Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца не толькі польскім героем, але і героем Літвы, Беларусі, Злучаных Штатаў ды ўніверсальным героем чалавецтва, а не толькі “сынам Беларусі” ці “польскім генералам”», – каментавал МЗС Польшчы сітуацыю вакол помніку.