Усё жыццё плацілі грошы на капрамонт, якога не будзе?


Цвіль, вільгаць, дзіравыя столі, разбітыя дарогі, неўладкаваныя дзіцячыя пляцоўкі. Мікрараён «Фабрычны» ў Горадні каля 40 гадоў чакае на рамонт. Працаўнікі ЖЭСу разводзяць рукамі, – няма фінансавання.

Ад вільгаці і холаду сушыць бялізну ў кватэры немагчыма

«Чорна пляма на мапе гораду» – гэтак свой мікрараён называюць самі жыхары. Каля 10 гадоў таму ўлады Горадні далучылі пасёлак Фабрычны да гораду, а за ім пабудавалі вялізны новы раён Альшанка. Ад галоўнай шашы мікрараён хавае цагляны мур, аднак, калі зазірнуць унутр дворыкаў, складваецца ўражанне, што трапляеш у 70-я гады. Ідэальная пляцоўка для фотасесіі савецкага мінулага.

Уласнасць сталася прыватнаю

Пасля пабудовы макрараёна за 40-50 гадоў тут ані разу не было рамонту. Запушчаныя дамы з разбітымі дарогамі, недзе ўвогуле адсутнічае асфальт, парковачных месцаў няма. Са сценаў старых дамоў асыпаецца кафля, на некаторых узнікаюць расколіны. Не ацепленыя сцены становяцца рассаднікам цвілі рознага тыпу.

Цвіль у кватэрылі спадарыні Галіны, у доме на вуліцы Льва Бакста 5

Спадарыня Галіна жыве ў доме на вуліцы Бакста. З мінулай восені ейнае жытло атакуе цвіль. Перад гэтым па ўсёй хаце працякалі столі. Выратавала толькі страхоўка кватэры – ЖЭС адмовіўся рамантаваць дах. Скаргу на цвіль працаўніца ЖЭСу зафіксавала яшчэ летась у кастрычніку, аднак пасля прыватызацыі памяшкання працаўнікі жыллёва-камунальных паслуг адмовіліся дапамагчы, спасылаючыся на тое, што цяпер гэта – прыватная ўласнасць.

«Цвіль па сценах ва ўсіх пакоях. Трапляе вільгаць з вуліцы, там дзе кафля адвалілася. І так амаль у кожным доме, якім каля 40 гадоў. Гэтая цвіль асыпаецца проста на падлогу. Працаўніца ЖЭСу прыходзіла, склала акт, сфатаграфавала і сказала, што аддасць у кантору. Пасля аказалася, што нас без нашага ведама перавялі на «закрыты тып дому», гэта значыць, у нас не вылічваюць сродкі капітальны рамонт. Папярэднія гады мы плацілі ўнёскі, але рамонту нам не рабілі. А зараз кажуць – вы капрамонт не плаціце, то і рабіць не будзем. Ніхто нас нават не папярэдзіў. Мы пісалі калектыўную заяву, што згодныя плаціць грошы, дык сказалі, што можаце падаваць на нас у суд, калі не падабаецца. Гэта проста здзек нейкі», – абураецца спадарыня Галіна.

Прыйшлося з’ехаць, бо немаўля пачало моцна хварэць

У кватэры пляменніка спадарыні Наталлі, праз вільгаць і холад месячнае дзіця трапіла ў рэанімацыю

Акрамя цвілі ў доме 11 на вуліцы Гарадзенскай, вельмі холадна і вільготна. Жыхарам нават улетку даводзіцца апранаць цёплыя шкарпэткі і швэдры, каб не мерзнуць. Як распавядае спадарыня Наталля, уначы прыходзіцца спаць пад некалькімі коўдрамі і ў цёплай піжаме.

«Шмат гадоў мы ўжо дамагаемся таго, каб нам уцяплілі дом. Звонку ўвесь фундамент пакрыты мохам. Вялікія праблемы з абагрэвам. За пяць гадоў мы ўжо тры разы рабілі рамонт», – распавядае спадарыня Наталля.

У кватэры ў суседнім пад’ездзе разам з сям’ёй жыў пляменнік Наталлі, які быў вымушаны з’ехаць, таму што цвіль і вільгаць пагражалі жыццю яго месячнага дзіцяці. Спадарыня Наталля паказала кватэру пляменніка.

«Макару, сыну майго пляменніка было 29 дзён, калі яго забралі ў рэанімацыю. Без слёз не ўзгадаеш. Зразумела, што ніхто не дакажа, што прычынай сталіся кватэрныя ўмовы, дыягназ паставілі запаленне і заражэнне крыві. Тут страшна холадна. Ужо паставілі два каларыферы, але ўсё роўна цвіль паўсюды: на сценах, за батарэяй, на падваконні. За два гады яны рабілі тры разы рамонт! Адкуль у дзяцей такія грошы, каб столькі разоў рамонт рабіць з дзіцём малым?», – распавядае спадарыня Наталля.

«Трубу са сметніка выцягнулі?»

На запыт спадарыні Валянціны ЖЭС усталяваў старую трубу, якая не падыходзіць па памеры, аднак перарабляць яе ніхто не збіраецца

У суседкі спадарыні Наталлі, Валянціны, якая жыве ў 11-й кватэры, да ЖЭСа №23 свае прэтэнзіі. Каб пазбавіцца вільгаці і цвілі, у яе кватэры трэба здымаць падлогу. Акрамя таго, ад вільгаці якісьці час таму ў прыбіральні жанчыны прагніла труба.

«Паглядзіце, – паказвае на трубу жанчына, – Я з гэтым ЖЭСам ваюю ўжо шмат гадоў. Яшчэ ў мінулую пятніцу тэлефанавала і сварылася з начальнікам. Калі б гэта была мая труба, мы б зрабілі без праблем, але гэта агульная труба. Прыйшлі «майстры» і паставілі мне гэтае староцце, якое па памеры нават не падыходзіць. Тут 20-тка, а тут 25-тка. З якога сметніка яны яе прыцягнулі? Яна ж старая! Колькі яна яшчэ прастаіць? Калі ёсць замова, то ёсць і выпіска. То куды пайшла мая нармальная труба? Крыўдна, да слёз. А цвіль! Ад мокрага туалета я сем гадоў змагаюся з цвіллю на сцяне. Усё роўна гніе сцяна. У нас тут водаправод праходзіць, падвала няма, кажуць, трэба падлогу здымаць. Кажу, – здымайце, але дайце падмену. У мяне дзеці разам жывуць з унукамі. Куды нам падзецца? Дзеці сем гадоў у чарзе на кватэру стаяць. Што нам рабіць?», – эмацыйна распавядае спадарыня Валянціна.

Неагароджаныя дзіцячыя дворыкі вяртаюць у савецкае дзяцінства

«Тут на кожным кроку нейкая праблема. – кажа Аляксандр Лаўрэнцьеў, кіраўнік моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты» па Гарадзенскай вобласці, які ў Фабрычным змагаецца за ўладкаванне дзіцячых пляцовак. – Самі бачыце, дарогі ані разу не рабілі з 80-х. Пасля таго, як я пачаў скаргі пісаць наконт дзіцячых пляцовак, то, каб я супакоіўся, з трох пляцовак пафарбавалі толькі маю. А астатнія? Ні агароджы, нічога».

Дзякуючы намаганням Аляксандра, 10 траўня жыхары Фабрычнага збіраюцца на сустрэчу з мясцовым дэпутатам Пятром Паграноўскім ад якога спадзяюцца дапамогі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў