«Усё роўна здохне». Праз нядбаласць медыкаў хворая на рак мянчанка памірала ў пакутах


Два гады пасля выдалення дзетародных органаў з мачавіка выходзілі ніткі, а пасля кроў і калавыя выпаражненні праз похву. Гэтак Андрэй Пятроў апісвае наступствы аперацыі для ягонай маці. Родныя 73-гадовай мянчанкі Яніны Пятровай, якая сканала 24 кастрычніка летась, вінавацяць дактароў 4-й клінічнай гарадской больніцы Менску у нядбайнасці і нядобрасумленным выкананні працы. Сын спадарыні Яніны ўпэўнены: медыкі сваймі дзеяннямі змусілі паміраць жанчыну ў пакутах, ніяк не аблягчыўшы працэсу ейнага сыходу.

Андрэй Пятроў і ягоная стрыечная сястра Ірына распавялі belsat.eu вусцішную гісторыю пра смерць роднага чалавека.

Пачатак хваробы і ўскладненні. Незагойная рана, якая даслоўна гніла

Яніна Пятрова 37 гадоў прапрацавала на заводзе «Гарызонт», у 1990-я хадзіла на пратэсты і сябравала з Зянонам Пазняком. У 2016 годзе ў яе западозрылі рак, але даследаванняў, якія пацвярджаюць захворванне, паводле родных, не было і няма дагэтуль. У 1-й гарадской клінічнай больніцы Менску жанчыне выдалілі рэпрадуктыўныя органы. Паводле сына спадарыні Яніны, Андрэя, пасля хірургічнага ўмяшання стан маці пагоршыўся.

«Відавочна, аперацыю зрабілі кепска. Мы мяркуем, што, калі аддзялялі мачавы пузыр, яго пашкодзілі. Пасля прамянёвай тэрапіі ў студзені 2017-га ўвогуле спалілі мачавік. Цягам двух гадоў у яе з мачою выходзілі ніткі ды іншыя рэчы, якія страшна называць», – распавядае Андрэй Пятроў.

Стан здароўя мянчанкі не паляпшаўся, яна трапіла ў рэанімацыю з падазрэннем на ТЭЛА [тромб у лёгкіх. – Заўв. belsat.eu]. Улетку 2018-га дактары выявілі, што ў яе ўжо чацвёртая стадыя ракавай хваробы, і зрабілі хімію. У паўторнай тэрапіі дактары адмовілі, бо жанчына магла яе не перажыць.

Андрэй адзначае, што адзін з дактароў, які яе аглядаў, быў у шоку: той за ўсю сваю практыку не бачыў, каб хірургі пакінулі пасля сябе незагойную рану, якая даслоўна гніла знутры.

«Медыкі перакідвалі адказнасць адзін на аднога, сцвярджаючы, што хваробу занядбалі, што ў яе ўсё знутры гніе. Дык хто занядбаў, калі мы ад лекараў не выходзілі?» – абураецца Андрэй.

У ліпені летась спадарыні Яніне паставілі стому на левую нырку для адвядзення мачы. У жанчыны пачалося самаадвольнае нетрыманне, яна амаль перастала хадзіць. 21 кастрычніка ў яе з мачавіка пайшла кроў і медыкі завезлі яе ў 4-ую больніцу. Два дні мянчанка ляжала з дыягназам рак у 4-й стадыі ў 3-м аддзяленні ўралогіі 4-й ГКБ. Родныя сцвярджаюць, што за ўвесь час цяжка хворая не атрымала ніякай паліятыўнай дапамогі.

«Калі яны нічога не маглі зрабіць, чаму не перавялі ў анкалогію, чаму дазволілі ёй пакутаваць? У цёткі быў спецыяльны абязбольвальны пластыр, яго дзейнасць скончылася. Ад нас пластыр не прынялі, сказалі нельга, што ёсць свой і свае лекі. Але па факце ёй нічога не далі, а проста кінулі паміраць!» – кажа стрыечная сястра сына памерлай Ірына.

4 ГКБ. Фота з водгукаў на Google

Апошнія дні. Адыходзіла, выючы ад болю

Пра перабыванне маці ў 4-й ГКБ Андрэй расказвае з горыччу. Ён і ягоная стрыечная сястра Ірына дакладна апісваюць умовы, у якія трапіла іхная родная асоба і ў якія цяжка паверыць. З іх расповеду, за ўвесь час у аддзяленні ўралогіі ёй не далі аніводнага абязбольвальнага сродку. Жанчына не магла есці, ёй не паставілі ніводнай кропельніцы. У дактароў не было танометру памераць ціск, яго давялося пазычаць у сястры спадарыні Яніны.

«Разумееце, на ложку не было аркуша назірання з імем, дыягназам, лекамі. Бо лекаў не давалі! Яна так голасна крычала ад болю, што суседзі з палаты ўцякалі. У мамы праз коўдру праступала кроў, ніхто акрамя нас за ёй не прыбіраў. Са словаў суседзяў з палаты, медыкі казалі, што няма сэнсу марнаваць лекі, бо яна ўсё роўна здохне», – кажа мужчына.

Першы запіс у картцы Яніны Пятровай пра абязбольвальныя з’явіўся пасля таго, як сын выклікаў міліцыю.

«Нас запрасілі ў ардынатарскую, дзе быў загадчык 3-га аддзялення ўралогіі, начальнік медыцыны і юрыст, ніхто не назваўся. Пачалі павышаным тонам гаварыць, што мы перашкаджаем, марнуем іхны час, адрываем ад працы. Яны нават не зайшлі ў палату паглядзець, у якім яна стане», – кажа Ірына.

4 ГКБ. Фота з водгукаў на Google

Умяшанне міліцыі, нецвярозы працаўнік рэанімацыі, перавод у госпіс

Праз два дні 23 кастрычніка 2019-га хворую перавялі ў рэанімацыю, куды родным таксама давялося прабівацца з міліцыяй. Там яе не падключылі да ніводнага апарату і датчыку, адзінае, што зрабілі, – спрабавалі паставіць катэтар са спіннамазгавым абязбольвальным.

«Ці паставілі яго, мы не ведаем. Яна стагнала ад болю. Мы былі там і нічога не маглі зрабіць. Доктар-рэаніматолаг была заспаная, яшчэ адзін працаўнік нападпітку», – распавядае Ірына.

Работнік рэанімацыі, які не пускаў да Яніны Пятровай. Сваякі сцвярджаюць, што ён быў нападпітку
Рэаніматолаг, паводле родных хворай, была заспаная. Побач з ёй дзяжурны рэаніматолаг без бэйджа

Дактары настойвалі перавезці Яніну Пятрову ў госпіс. На наступны дзень яе без ведама сваякоў забралі туды з самое раніцы, дзе ўвечары пасля абязбольвальнага ўколу сэрца жанчыны спынілася.

«У шпіталі нам не далі ніводнага дакументу. Паміраюць не ад раку, ад ускладненняў. Мы спыталі, ад чаго спынілася сэрца. Яны кажуць, што такую інфармацыю даюць толькі на запыт МУС», – працягвае Андрэй.

Пагрозы з боку праваахоўнікаў

Пасля смерці Яніны Пятровай шпіталь напісаў заяву ў РАУС Маскоўскага раёну, што Андрэй буяніў нападпітку, спаралізаваў працу рэанімацыі, нанёс матэрыяльную шкоду. Правяранне не пацвердзіла фактаў, у распачынанні справы адмовілі.

У адказ мянчук падаў скаргу ў пракуратуру на 4-ую ГКБ па факце ненадання належнага медычнага нагляду анкахвораму, але адказу дасюль не атрымаў. Наш суразмоўца сцвярджае, што яго выклікалі ў РАУС Маскоўскага раёну ды параілі нікуды не пісаць і не скардзіцца, інакш яго чакаюць праблемы.

Ірына кажа, што ад цёткі спяшаліся пазбавіцца, каб не псаваць статыстыкі і рэпутацыі. 11 гадоў таму падобная гісторыя ў гэтай самай больніцы здарылася з ейнай маці.

«На словах – выдатная медыцына, на справе – ты нікому не патрэбны, калі не чыноўнік ці не заплаціў. Гэта не медыцына, а балота. Шмат хто з добрых медыкаў з’ехаў, бо не плацяць нармальныя грошы, іншыя зʼехалі, бо стаміліся ад хлусні і зладзейства», – кажа сваячка памерлай.

У родных ёсць задакументаваныя пацверджанні парушэнняў медыкаў, але звяртацца ў інстанцыі ў цяперашняй Беларусі сямʼя лічыць бессэнсоўным.

«Мы разумелі, што рак цяжка вылечыць, але з такім дыягназам пры правільным медычным падыходзе жыццё можа быць якасным, яго можна працягнуць, каб чалавек не паміраў, як сабака», – дадае пляменніца Яніны Пятровай.

У медычных установах з belsat.eu размаўляць адмовіліся. Мы паглядзелі, што пішуць пацыенты і платныя кліенты 4-й гарадской клінічнай больніцы Менску пра сэрвіс і апеку (скрыны з водгукаў на Google). Акрамя падзяк, можна знайсці шмат адмоўных.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў