Усё больш краін прыпыняюць палёты Boeing 737 MAX, якія чакаюць у Беларусі


Пасля авіякатастрофы ў Эфіопіі больш за 10 краін прыпынілі палёты самалётаў Boeing 737 MAX. У прыватнасці, выкарыстанне авіялайнераў гэтай мадэлі забароненае ў Вялікай Брытаніі, Сінгапуры, Інданезіі, Бразіліі, Аргенціне, Манголіі, Мексіцы, Індыі, Аўстраліі, Амане, Кайманавых выспах, Марока, ПАР і ўласна ў Эфіопіі.

Першым пра прыпыненне палётаў Boeing 737 MAX заявіў Кітай.

У Беларусі самалёты Boeing 737 MAX не выкарыстоўваюцца, але 17 ліпеня 2018 года авіякампанія «Белавія» і амерыканская лізінгавая кампанія Air Lease Corporation (ALC) аб’явілі аб замове чатырох сучасных авіялайнераў Boeing 737 MAX на ўмовах лізінгу.

Авіякатастрофа ў Эфіопіі.
Фота: Baz Ratner/REUTERS/FORUM

Пастаўка новых самалётаў у Менск запланаваная на 2019-2020 гады. Першы авіялайнер у рамках гэтай здзелкі чакаецца ў траўні. З дапамогай Boeing 737 MAX «Белавія» планавала вывесці з эксплуатацыі Boeing 737 Сlassic і тым самым істотна амаладзіць авіяпарк.

Boeing 737 MAX – чацвёртае пакаленне самалётаў «Боінг 737», якое прыйшло на змену Boeing 737 Next Generation. Першы палёт гэтай мадэлі адбыўся ў студзені 2016 года. Самалёт можа перавозіць 162-175 пасажыраў.

Hавiны
Эфіопскі пасажырскі самалёт разбіўся на шляху ў Кенію
2019.03.10 11:12

Раніцаю 10 сакавіка Boeing 737 MAX «Эфіопскіх авіялініяў», які выконваў рэйс з Адыс-Абебы ў Найробі, разбіўся на шляху ў сталіцу Кеніі. На борце было 149 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.

Сярод пасажыраў былі 32 грамадзяніна Кеніі, 18 Канады, 9 Эфіопіі, па 8 грамадзян Італіі, Кітая і ЗША, па 7 брытанскіх і французскіх грамадзян, 6 грамадзян Егіпта, 5 грамадзян Нідэрландаў, 4 грамадзяніна Індыі, 4 славакі, па 3 расейцы і аўстрыйцы, а таксама па 2 грамадзяніны Марока, Іспаніі, Польшчы і Ізраіля. Сярод іх 19 чалавек былі супрацоўнікамі розных падраздзяленняў ААН.

За апошнія пяць месяцаў гэта ўжо другая катастрофа Boeing 737 MAX 8. 29 кастрычніка 2018 года ў Інданезіі ў выніку падзення самалёта загінулі 189 чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў