Усё больш грошай укладаюць – усё больш баршчэўніку расце. Як змагацца з інвазійнымі раслінамі?


За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі значна ўзрасла праблема чужародных відаў раслін. Гэтак званая інвазія абумоўленая найперш гаспадарчаю дзейнасцю чалавека. Павелічэнне колькасці інвазійных відаў раслін нясе вялікую небяспеку для традыцыйных відаў. Мясцовыя расліны выцясняюцца чужынцамі ў палях, лясах і на берагах вадаёмаў. Праблема дасягнула значных маштабаў, і яе развязанне патрабуе вялікіх намаганняў.

Фота: belsat.eu

Чужародны від, якому ў Беларусі жывецца лепш, чым дома

Баршчэўнік Сасноўскага – самая распаўсюджаная інвазійная расліна ў краіне. Бадай кожны беларус ведае, што гэта шкодная і чужародная расліна, з якой проста неабходна змагацца. Ён расце літаральна паўсюль. У адной толькі Віцебскай вобласці ягоная плошча складае 2964,96 га. Самыя вялізныя папуляцыі тут у Браслаўскім, Ушацкім ды Віцебскім раёнах. Гэтая расліна не проста шкодная, але і небяспечная: ейны сок выклікае моцныя апёкі, якія доўга не загойваюцца.

Фота: belsat.eu

У кнізе «Расліны-агрэсары. Інвазійныя віды на тэрыторыі Беларусі» гаворыцца, што ўпершыню ў краіну насенне гэтага віду патрапіла ў 1955 годзе з Ленінграда і было высаджанае ў Цэнтральным батанічным садзе АН БССР. Першыя вытворчыя пасевы віду закладзеныя восенню 1960 года ў саўгасах «Світанак» і «Бальшавік» Менскага раёну. За 1960–1970 гады баршчэўнік распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Як кармавая расліна баршчэўнік Сасноўскага вырошчваўся ў Беларусі, Украіне, Расеі, Літве, Латвіі, Эстоніі ды былой ГДР, забруджанымі раслінай аказаліся і краіны Скандынавіі. Цяпер расліна адмыслова не вырошчваецца, але і без дапамогі чалавека яна здольная разрастацца ды захопліваць новыя тэрыторыі.

Вёска Грышаны ў Віцебскім раёне. Фота: belsat.eu

«У нас баршчэўнікам усё наўкол пазарастала. І калі раней ён рос у якіх кустах ці каля дарогі, цяпер ён займае ўжо цэлыя ўчасткі, і ніхто асабліва ім не займаецца», – каментуе сітуацыю «Белсату» жыхарка вёскі Грышаны, што ў Віцебскім раёне, Валянціна Іванятава.

Колькі грошай трэба, каб перамагчы баршчэўнік?

З раслінай змагаюцца – як на дзяржаўным узроўні, так і ўласнымі сіламі. Але гэта амаль не дае выніку, бо ўсяго за год колькасць баршчэўніку на Віцебшчыне ўзрасла амаль на палову. Летась на Віцебшчыне баршчэўнік займаў 2000 га, а сёлета – ужо 2,9 тысячы га. Пры тым, што сёлета на барацьбу з раслінай улады выдаткавалі 530 тысячаў рублёў – летась гэтая сума складала больш за 600 тысячаў.

Фота: belsat.eu

Абяцалася, што за гэтыя два гады павінны звесці папуляцыю шкоднай расліны да мінімуму, але адмыслоўцы не такія аптымістычныя ў сваіх прагнозах:

«Цяпер пачалі выдаткоўваць грошы на барацьбу з ім. Патравілі гербіцыдамі, абапал дарогі абкасілі, а ў кустах пакінулі 10 экзэмпляраў – лічы, што грошы выкінулі на вецер, бо яго трэба знішчаць цалкам, ці хаця б не даваць яму абнасеньвацца. Тады ўжо будзе нейкі эфект. І змагацца давядзецца доўга, дзесяцігоддзямі, бо запас насення ў глебе на дзесяцігоддзі наперад», – гаворыць Леанід Мержвінскі, загадчык кафедры батанікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Фота: belsat.eu

Спецыяліст адзначае, што касіць баршчэўнік, як часцяком гэта робіцца, амаль бессэнсоўна. Яго трэба або выкопваць, або травіць гербіцыдамі, прычым патрэбны сістэмны падыход да праблемы.

Садовая расліна, якая выйшла з-пад кантролю

Фота: belsat.eu

Яшчэ адзін інвазійны від расліны – сумнік канадскі. Быў завезены ў Беларусь у пачатку XX стагоддзя з Паўночнай Амерыкі, і за апошнія гады шырока распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Па сваёй шкоднасці ды небяспечнасці для чалавека і навакольнага асяроддзя ён блізкі да баршчэўніка. Па словах Леаніда Мержвінскага, кожны куст сумніку канадскага вырабляе да 100 тысяч адзінак насення, да 95 % якога прарастае. Расліна хутка разрастаецца і замацоўваецца на новых месцах, а ейныя карані вырабляюць шкодныя рэчывы, якія заглушаюць рост іншых раслінаў. Гэта прыводзіць да знікнення большасці насякомых, што ў сваю чаргу ўплывае на колькасць птушак ды сысуноў. Для чалавека сумнік небяспечны сваім пылком, які з’яўляецца моцным алергенам.

«Ён добры меданос, а таксама зʼяўляецца лекавай раслінай. Доўгі час вырошчваўся як дэкаратыўная расліна, але цяпер ужо выходзіць з культуры ды ўтварае цэлыя зараснікі, бур’яны, якія выціскаюць мясцовыя віды», – тлумачыць Леанід Мержвінскі.

Змагацца з сумнікам канадскім можна хімічным ды механічным спосабамі, але выконваць гэткія дзеянні варта рэгулярна.

Фота: belsat.eu

Паўсотні патэнцыйна небяспечных відаў

Існаванне праблемы інвазійных відаў раслінаў у краіне прызнаецца на самым высокім узроўні. І баршчэўнік Сасноўскага, і сумнік канадскі – далёка не адзіныя расліны, з якімі змагаюцца на дзяржаўным узроўні. Так, згодна з пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1002 ад 7 снежня 2016 году вызначаныя 9 відаў раслінаў, распаўсюд і колькасць якіх падлягае рэгуляванню. Гэта баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгацы, сумнік канадскі, сумнік гіганцкі, клён ясенелісты, рабінія псеўдаакацыя, эхінацысціс лопасцевы, каноплі пасяўныя ды мак снатворны (дзве апошнія – наркатычныя расліны).

Баршчэўнік і лубін. Фота: belsat.eu

Спіс раслінаў, распаўсюд і колькасць якіх падлягае рэгуляванню, з часам папаўняецца новымі. Увогуле адмыслоўцы вылучаюць больш за 50 відаў агрэсіўных дзікарослых раслінаў, як прыклад: лубін мнагалісты, дуб паўночны, тапінамбур, чырвоная і чорная бузіна, абляпіха крушынападобная, дзявочы вінаград ды шмат іншых.

Леанід Мержвінскі адзначае, што шмат з гэтых раслінаў маюць права на існаванне, але выключна пры ўмове пастаяннага кантролю за іх колькасцю з боку чалавека.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары