«Уся падлога пада мной была ў крыві». У Беларусі 15 ліпеня былі затрыманыя больш за 30 чалавек


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра затрыманні ў Менску, Барысаве і Горадні ўвечары 15 ліпеня.

У Менску 15 ліпеня ўтварылася вялізарная чарга да будынку ЦВК: тысячы людзей хацелі падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі Віктара Бабарыкі. Пасля таго як а 19:00 праца ЦВК скончылася, пачаліся затрыманні. Кардон АМАПу не даваў нікому праходзіць у бок Галоўпаштамту, а потым сілавікі выціснулі людзей з плошчы Незалежнасці.

Паводле папярэдніх дадзеных праваабаронцаў, у Менску былі затрыманыя мінімум 18 чалавек. Сярод затрыманых быў карэспандэнт «Радыё Свабода» Антон Трафімовіч і журналістка БелаПАН Віялета Саўчыц (абодвух ужо адпусцілі). Трафімовічу сілавікі разбілі нос. Вось як ён распавёў пра сваё затрыманне «Радыё Свабода»:

«Калі я выйшаў з вуліцы Мяснікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6-7 чалавек, двое ў форме АМАПу, астатнія – у цывільным. Мне закруцілі рукі з спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе. У мікрааўтобусе мяне пасадзілі на падлогу на калені, надзелі кайданкі за спінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая кроўю.

Ніхто не прадстаўляўся, не сказалі, на падставе чаго затрымліваюць. Проста кінулі ў мікрааўтобус і адвезлі ў Завадское РУУС. Толькі там дазволілі вымыць твар ад крыві. Праз гадзіну адпусцілі».

Не менш за 15 чалавек былі затрыманыя ў Барысаве. Пры якіх абставінах гэта адбылося праваабаронцы не ўдакладняюць.

Таксама ёсць інфармацыя пра аднаго затрыманага ў Горадні.

Hавiны
У Менску тысячы людзей стаялі ў чарзе, каб падаць скаргу ў ЦВК. Адбыліся затрыманні. СТРЫМ
2020.07.15 17:30

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў